Спецдакладчык ААН: Парламент Беларусі паслухмяна праштампоўвае рашэнні Лукашэнкі


У справаздачы спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не палепшылася.

У справаздачы адзначаецца такі станоўчы момант, як вызваленне шасцярых палітзняволеных перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Пры гэтым дакладчык занепакоены тым, што вызваленне палітзняволеных «было здзейсненае ў тым жа адвольным стылі, што і іх заключэнне пад варту». Акрамя таго, вызваленыя не былі адноўленыя ў сваіх грамадзянскіх і палітычных правах.

Самі ж выбары, у адрозненне ад папярэдніх 2010 года, праходзілі без гвалту з боку міліцыі і арыштам палітычных апанентаў уладаў, адзначае дакладчык. Аднак, нягледзячы на гэта, выбары не былі прызнаныя АБСЕ такімі, якія «заслугоўваюць большага даверу, чым выбары 2010 года».

«Таму вызваленне зняволеных напярэдадні выбараў без аднаўлення іх права вылучаць на іх сваю кандыдатуру, магчыма, толькі пагоршыла атмасферу страху, у якой ужо не першае дзесяцігоддзе ажыццяўляецца кіраванне краінай. Рэпрэсіўная прававая сістэма пасля 2010 года стала толькі яшчэ больш жорсткай, і адначасова больш жорстка сталі сістэматычна ўжывацца крымінальныя і адміністрацыйныя пакаранні ў дачыненні да апанентаў і крытыкаў і наагул усіх, хто якім-небудзь чынам, нават цалкам мірна, выказвае нязгоду», – адзначае Харасці.

У справаздачы ацэньваецца і роля ў жыцці краіны парламенту:

«Беларускі парламент – адзіны на Еўрапейскім кантыненце не мае ў сваім складзе нават падабенства апазіцыі і абмяжоўваецца тым, што паслухмяна праштампоўвае рашэння прэзідэнта. Гэта адносіцца да складаў парламенту ўсіх скліканняў за апошнія 20 гадоў, незалежна ад таго, спрабавала апазіцыя прыняць у іх удзел або байкатавала выбары ў знак пратэсту супраць абмежаванняў».

У суправаджальнай запісцы да справаздачы Рады па правах чалавека ААН адзначаецца: «Сабраныя матэрыялы паказваюць, што за выключэннем нядаўняга вызвалення палітзняволеных напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ніякіх іншых паляпшэнняў у сітуацыі, калі ўкараніліся сістэматычныя абмежаванні асноўных правоў чалавека, якая і паслужыла нагодай для стварэння мандата спецыяльнага дакладчыка ў 2012 годзе, не было адзначана».

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымак OSCE/Susanna Lööf

Стужка навінаў