Спецдакладчык ААН: беларускія ўлады вяртаюцца да шырокамаштабных рэпрэсіяў


Дзень Волі-2017

Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці ў новым дакладзе выказвае шкадаванне ў сувязі з «хуткім і рэзкім пагаршэннем агульнай сітуацыі з правамі чалавека» у Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2016 га па 31 сакавіка 2017 года. 

Тэкст дакладу апублікаваны на сайце вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, піша БелаПАН.

Харасці адзначае «вяртанне ўрада Беларусі да палітыкі шырокамаштабных рэпрэсіяў у дачыненні да грамадзянаў, якія ажыццяўляюць свае правы або адстойваюць іх».

«На працягу сакавіка 2017 года па ўсёй краіне ўрад ажыццяўляла цэнтралізаваныя рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў, палітычных апанентаў і журналістаў, а таксама замежных назіральнікаў, – гаворыцца ў дакладзе. – Рэпрэсіі дасягнулі сваёй кульмінацыі 25 сакавіка (Дзень Волі), дня народнага, але не прызнанага афіцыйна, святкавання нацыянальнай незалежнасці».

У дакладзе адзначаецца, што падчас сакавіцкіх пратэстаў былі затрыманыя больш за 900 чалавек, што стала самай суровай хваляй затрыманняў з часоў рэпрэсіяў пасля выбараў 2010 года.

Харасці таксама падкрэслівае, што ў сакавіку 2017 года беларускія СМІ сутыкнуліся з «надзвычайных ціскам з боку ўладаў» – было зафіксавана 123 выпадкі парушэння правоў журналістаў.

«У найбольшай ступені пераследам, затрыманнямі і збіццём з боку міліцыі падвяргаліся журналісты «Белсат TV», – адзначаецца ў дакладзе.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары