«Спажываю алкаголь у вельмі вялікай колькасці, бо спадар Лукашэнка нам стварыў такое жыццё»


«Спыніце спойванне нацыі!» Пад такім лозунгам у Гомлі стартавала чарговая антыалкагольная кампанія ініцыятывы «Хопіць піць – nрэба жыць». Актывісты ініцыятывы збіраюць подпісы пад зваротам да старшыні мясцовага аблвыканкаму Уладзіміра Дворніка з патрабаваннем вярнуць забарону на продаж алкаголю з 22-й гадзіны вечара да 9-й раніцы, якую раней скасавалі ў Гомлі ды сталіцы.

ЯЎГЕНІЯ РАПІЦКАЯ, КАМПАНІЯ «ХОПІЦЬ ПІЦЬ – ТРЭБА ЖЫЦЬ»:

«Я супрацоўніца аптэкі і я бачу сітуацыю, якая адбываецца. Людзі прыходзяць з раніцы з рукамі, якія калоцяцца, набываюць алкаголь. Людзі незанятыя, дзяржава іх не займае, і ў іх не застаецца іншага выбару».

Абурэнне БХД выклікала і непасрэднае стаўленне да алкаголю старшыні Гомельскага аблвыканкаму Уладзіміра Дворніка, які даволі меркантыльна патлумачыў скасаванне забароны.

УЛАДЗІМІР ДВОРНІК, СТАРШЫНЯ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ:

«Навучыцеся аналізаваць рынак – навучыцеся і гандляваць. Спірт – важная крыніца прыбыткаў. Гэтую нішу нельга ўпускаць».

На меркаванне ж актывістаў ініцыятывы «Хопіць піць – nрэба жыць», алкаголь – гэта перадусім непапраўная шкода для здароўя нацыі. А доктар хуткай дапамогі Яўген Годар заўважае, што апошнім часам беларусы співаюцца ўсё больш і больш.

ЯЎГЕН ГОДАР, ДОКТАР ХУТКАЙ ДАПАМОГІ:

«За апошнія 10 гадоў мы назіраем значнае ўзрастанне спажывання алкаголю асабліва сярод маладога пакалення і сярод старога пакалення…»

Каментар эксперта, аднак, перарваў выпадковы і… нецвярозы мінак, які пажадаў таксама выказацца на гэтую тэму.

АЛЯКСАНДР, БЕСПРАЦОЎНЫ:

«Так, спажываю. У вельмі вялікай колькасці. З-за чаго? А таму што спадар Лукашэнка нам стварыў такое жыццё».

«Калі я працую, то мне няма калі піць. У мяне калі ёсць мэта ў жыцці, я не п’ю».

З беспрацоўем ды адсутнасцю альтэрнатывы звязваюць алкагалізм і жыхары Магілёва. Асабліва сярод маладых людзей, якія маюць найбольшую патрэбу ў клопаце з боку дзяржавы.

«Бачу шмат моладзі, якая без працы сядзіць па пад’ездах. Адзін занятак – выпіваць».

«Мне падаецца трэба даносіць да моладзі, што гэта шкодна і што на гэта не варта аддаваць гады».

«Я працую ў краме, і яны прыходзяць з пашпартам – толькі споўнілася пэўная колькасць гадоў і яны ўжо набываюць алкаголь».

А таму подпісаў пад зваротам БХД не бракавала. Акрамя таго актывісты кампаніі «Хопіць піць – трэба жыць» збіраюцца распаўсюдзіць больш як 20 тысячаў антыалкагольных налепак ды ўлётак.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў