Спайс сыходзіць, вяртаецца «класіка». МУС распавёў пра структуру наркарынку ў Беларусі


У МУС Беларусі заяўляюць, што праваахоўныя органы Беларусі зрабілі «значны крок» наперад у барацьбе з наркотыкамі.

«Аналіз вынікаў працы падраздзяленняў па наркакантролі рэспублікі ў студзені-верасні 2017 года сведчыць аб устойлівай тэндэнцыі зніжэння ўзроўню нарказлачыннасці ў краіне (на 16,2% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года). У выніку прынятых практычных мер органамі ўнутраных спраў выяўлена больш за 4, 2 тыс. нарказлачынстваў. З іх больш за 2 тыс. звязаны са збытам», – паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС, палкоўнік Андрэй Саладоўнікаў падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

Па словах Саладоўнікава, «казаць пра тое, што мы зрабілі вялікі прарыў і перамаглі наркаманію, нельга, але зроблены значны крок для гэтага».

Саладоўнікаў таксама распавёў пра змены структуры наркатычнага рынку:

«Да 2014 года структура рынка была ўладкаваная такім чынам: да 90% займалі спайсы, а 10% – класічны шэраг наркотыкаў (опіум, амфетамін, гашыш, марыхуана). Сёння ж, з улікам тых мер, якія мы прынялі, бачым, што структура рынку мяняецца. Спайс сыходзіць, а вяртаецца «класіка».

Аднак змякчаць пакаранне для тых, каго затрымалі ўпершыню з невялікай дозай наркотыкаў пакуль не плануецца.

«У гэты час такія ініцыятывы разглядаюцца сёння ў дзяржаўных органах. Але казаць пра тое, што ў бліжэйшы час адбудуцца ці не адбудуцца змены, – не ў маіх паўнамоцтвах. У дадзены момант ініцыятывы разглядаюцца, абагульняюцца і будуць даложаны прэзідэнту», – паведаміў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў