Спачатку Украіна, цяпер Беларусь: як расейскія пісьменнікі прадказваюць войны з суседзямі


З года 2001-га ў 2010-ты

Стваральнікі расейскага «палітыкал фікшн» ужо некалькі гадоў таму прадказалі вайну ў якасці пакарання для ўпартай Украіны. Цяпер узяліся за Беларусь, дзе нібыта вось-вось павінен разгарэцца натхнёны Захадам Майдан.

«З першых шэрагаў дэманстрантаў у ахоўнікаў парадку паляцелі загадзя прызапашаныя камяні і пустыя бутэлькі. Міліцыянты стукнулі дручкамі па шчытах і звыкла рушылі наперад кароткімі перабежкамі.

Праз дзве хвіліны плошча ўяўляла з сябе поле бою.

Вішчалі і караскаліся ўскудлачаныя апазіцыянеркі, кідаліся з боку ў бок потныя байцы «Народнага Фронту», амапаўцы зацягвалі ў аўтобусы п’янюгаў з «Беларускай Праваабарончай Канвенцыі» і «Хартыі-98», якія ўпіраліся, як маглі, у паветры насіліся адломкі цэглы і аскепкі шкла, безупынна ўзляталі і апускаліся кулакі і дубінкі, санітары адцягвалі ў бяспечнае месца акрываўленых параненых, па завулках разбягаліся тыя, хто вырашыў не ўступаць у бітву з міліцыяй.

Мітынг, які павінен быў стаць зваротным пунктам узаемаадносінаў улады ды апазіцыі і на падрыхтоўку якога замежныя спонсары патрацілі сотні тысяч долараў і дойчмарак, аказаўся прымітыўнаю ды бруднаю бойкай…

Лідары апазіцыі, натуральна, паспелі збегчы, пакінуўшы на разарванне ўзлаваным ахоўнікам парадку сваіх недалёкіх і нешматлікіх прыхільнікаў».

Гэта, як ні дзіўна, зусім не поўная факталагічных памылак і фальсіфікацыяў справаздача дзяржаўнай беларускай прэсы аб падзеях на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Бо нават карэспандэнт самай інфармаванай газеты не мог тады знаходзіцца ў кабінеце Аляксандра Лукашэнкі, а тым больш, прачытаць у ягоных думках наступнае:



«Прэзідэнт паглядзеў на плошчу, мітусню, людзей. У аўтобусы зацягвалі апазіцыянераў, якія размахвалі рукамі. Тут жа стаялі некалькі «хуткіх».

Погляд Бацькі зачапіўся за маленькую фігурку, якая выбівалася з агульнай карціны. Чалавек нерухома стаяў на рагу далёкага завулка ды спакойна паглядаў на поле бою. Твару з такой адлегласці не было відаць, але раптам нейкае шостае пачуццё падказала Прэзідэнту, што гэты чалавек мае самае наўпроставае дачыненне да таго, што адбылося.

Кіраўнік Дзяржавы прыадкрыў рот, хацеў нешта сказаць, але перадумаў.

Невядомы не быў ворагам. Хутчэй наадварот – жаўнерам, якому не патрэбныя ўзнагароды, і які паводле нейкіх уласных меркаванняў імкнецца трымацца ў ценю. Ён зрабіў справу і заслугоўвае таго, каб яго пакінулі ў спакоі».

Кім жа быў гэты таямнічы чалавек? Гераічным агентам расейскіх спецслужбаў, які выратаваў Лукашэнку, перадухіліў дзяржаўны пераварот, арганізаваны Захадам і празаходняю беларускай апазіцыяй.

Адкуль гэтыя радкі, якія настолькі жыва і праўдападобна апісваюць разгон дэманстрацыі? З кнігі «Беларускі набат» расейскага пісьменніка Дзмітрыя Чаркасава, выдадзенай – на што варта звярнуць асаблівую ўвагу – у 2001-ым (!) годзе.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Наколькі трапнае аказалася ўяўленне пісьменніка (а можа, усё ж вынік прафесійнага аналізу), стала ясна толькі праз некалькі гадоў. А тое, што такія плады аўтарскай фантазіі зусім не далёкія ад рэальнасці і пры гэтым вельмі небяспечныя, больш за год таму пацвердзілі падзеі ва Украіне, амаль літаральна ажыццяўляючы ваенныя сцэнары, прыдуманыя дзясяткамі расейскіх пісьменнікаў для сотняў раманаў у стылі «палітыкал фікшн».

Натхняльнікі расейскіх заваяванняў

Аляксандр Кантаровіч, Алег Верашчагін, Вадзім Львоў, Георгій Савіцкі, Аляксандр Афанасьеў, Сяргей Анісімаў, Яўгеній Гільба, Сяргей Кім, Аляксей Волкаў, Леў Вяршылін… Гэта далёка не ўсе, хто актыўна стварае тэксты ў жанры так званай «фантастыкі блізкага бою». Хто з іх выступае пад сапраўднымі імёнамі, а хто падпісваецца псеўданімамі, сказаць складана. Творчы здабытак некаторых вылічаецца дзясяткамі кніг. Напрыклад, «Сталь і попел», «Палонных не браць!». Ёсць і куды больш красамоўныя: «Украіна ў агні», «Гнеў Новаросіі», «Бывай, Амерыка!», «Медаль за горад Вашынгтон».

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

Ад адных раманаў захоплівае дух, іншыя здзіўляюць графаманствам. Адныя прыцягваюць прафесійнымі звесткамі з ваеннай галіны або дзейнасці спецслужбаў ці апісаннем тонкасцяў геапалітыкі, іншыя выклікаюць смех сваёй непісьменнасцю. Аднак сярод аўтараў, несумненна, ёсць людзі з энцыклапедычнымі ведамі і талентам апавядальніка.

Адзін з такіх – Юрый Бярэзін, які стане калегам і прадстаўніком вядомага па сапраўдных ваенных дзеяннях на Данбасе Ігара Стралкова-Гіркіна. З-пад ягонага пяра выйшаў, да прыкладу, «Украінскі фронт». Дзеянне рамана разгортваецца на Данбасе, куды ўступаюць войскі НАТО, працягваючы захоп Украіны. Расея, вядома ж, не можа глядзець на гэта, склаўшы рукі.

Фантастыкай, а дакладней – містычным фэнтэзі, поўным алюзіяў на абарону славянскай імперыі ад суседзяў-рэнегатаў, захапляўся сам Ігар Гіркін. Сярод аўтараў апублікаваных у выглядзе рамана батальных фантазіяў на тэму збройнага канфлікту паміж Расеяй і НАТО ёсць таксама расейскія палітолагі – згаданыя вышэй Яўгеній Гільба і Леў Вяршылін. І ў гэтым выпадку нявіннае, на першы погляд, хобі дзіўным чынам сплялося з рэальнасцю.

Авакаў таксама прадбачыў…

А гэтак яшчэ ў 2009-ым годзе, а значыць за пяць гадоў да анексіі Крыму і развязвання расейцамі вайны на Данбасе, каментаваў гэтыя «шэдэўры» ў сваім блогу Арсэн Авакаў, будучы міністр унутраных справаў Украіны, які ў вольны час захапляецца чытаннем навуковай фантастыкі ды цалкам можа прэтэндаваць на званне знаўцы гэтага жанру:

«Таварыш, які дапамагае мне не прапускаць кніжных навінак, усхвалявана ды адводзячы вочы, дастаў з партфеля кніжыцу.

– Вось, паглядзі, мне падалося, табе будзе цікава… Ды ты не падумай – гэта фантастыка. Хоць і прапаганда, вядома…

А затым, убачыўшы маё здзіўленне, дадаў:

– Скажы мне, ты ж нібыта палітыкаю займаешся, – як жа яны, сукі, такое сабе дазваляюць?!

Такога я не бачыў даўно. Ды што там! Нават савецкія, часоў Брэжнева, хлуслівыя агіткі пра «гнілы капіталізм» хоць неяк грунтаваліся на фактах і логіцы. А гэта…»

Заінтрыгаваны Авакаў азнаёміўся са зместам наступных твораў: «Поле бою – Украіна. Зламаны трызубец» Георгія Савіцкага, «Незалежная Украіна. Крах праекту» Максіма Калашнікава ды Сяргея Бунтоўскага, «Расейска-ўкраінскія войны» Аляксандра Севера ды «Вайна 2010. Украінскі фронт» Фёдара Бярэзіна.

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

«Ведаю Фёдара асабіста! Ён атрымліваў прэміі на нашым Харкаўскім фестывалі фантастыкі «Зорны Мост». Як можна было даць уцягнуць сябе ў такое???..

Што аб’ядноўвае гэтых людзей, акрамя, вядома, ганарараў, на якія знайшлі грошы маскоўскія выдавецтвы падчас сусветнага фінансавага крызісу? Можа быць, сацыяльная замова?

Усе чатыры кнігі выдадзеныя ў Расеі сёлета (цягам двух з паловаю месяцаў!). 1660 старонак нянавісці агульным накладам 25 тысяч асобнікаў. Што гэта?

Да чаго рыхтуе расейскага чытача гэтая серыя літаратурных твораў?

На якую мэтавую аўдыторыю разлічаны гэтыя кнігі? На неадукаваную моладзь, якая дрэнна ведае гісторыю, але прызвычаілася да амерыканскай жуйкі? Ці на савецкіх людзей, што настальгуюць па маладосці ды здароўю, таму заадно праглынуць і таблетку расейскага шавінізму?

Чаму так упарта навязвае Расея сваім грамадзянам думку аб неабходнасці і непазбежнасці вайны з Украінаю?

Навошта менавіта цяпер і ГЭТАК акцэнтуючы дату, 2010 год?

Але самае слушнае пытанне мне задаў мой таварыш: як жа яны, сукі, САБЕ ТАКОЕ дазваляюць?!

І праўда – ЯК?!»

Не ўгадаў Арсэн Авакаў толькі даты. З уварваннем «спазніліся» на пяць гадоў. Усё астатняе ён прадбачыў. А тады расейскія аўтары сапраўды дазвалялі сабе многа. Гэта анатацыя апошняй кнігі Георгія Савіцкага «Гнеў Новаросіі». Праўда, напісанай ужо ў 2014 годзе:

«Блізкая будучыня. Распачатая кіеўскаю хунтай грамадзянская вайна імкліва захліствае Украіну. Па ўсёй краіне банды «правасекаў» расстрэльваюць мясцовых жыхароў проста за тое, што не спадабаўся іхны позірк. Пасля нападу адной з шаек на Запарожскую АЭС Расея прымае рашэнне аб уводзе на паўднёвы ўсход міратворцаў…

Расейскія дэсантнікі – супраць «свядомых» карнікаў. Рэгулярная армія Наваросіі – супраць «нацгвардыі». Паветраны дэсант скіраваны ў Днепрапятроўск для захопу ваенных злачынцаў. Не брат ты мне, сволач бандэраўская

[vc_single_image image=”12″ img_size=”large”]

Прадказваючы Трэцюю сусветную вайну

І апетыты расейскіх майстроў «фантастыкі бітвы» толькі растуць. Ужо не толькі заняты Крым і заваяваная ўся Украіна, ужо не толькі ўтаймаваны Каўказ. Трылогія, якую на гэтую тэму напісаў Вадзім Львоў, уражвае. А гэта яе анатацыя:

«Напрыканцы дваццатых гадоў XXI стагоддзя павінна пачацца Трэцяя сусветная вайна… Ратунку няма. Сусветны пажар ахопіць ЗША, Мексіку, Нямеччыну, Кітай, Іран, Польшчу, нават Ісландыю! Акажацца ўцягнутым у глабальную бойню і дзяржава з дзіўнаю назвай Русь… Нічога дзіўнага. Рэч у тым, што да ўлады ў Расеі прыйшоў нарэшце па-сапраўднаму жорсткі кіраўнік. Гэта ён прыняў рашэнне вярнуць нашай краіне яе гістарычную назву. Але перайменаваць дзяржаву мала, трэба здолець адстаяць яе незалежнасць. А гэта ўжо справа вайскоўцаў. І акурат вайскоўцам прыйшлося вельмі туга. Асабліва калі паперлі кітайцы, усюдыісныя і незнішчальныя, як саранча…»

[vc_single_image image=”14″ img_size=”large”]

На старонках раманаў Львова ворагі Расеі хаваюцца паўсюль. Гэта непакорлівыя горцы з Каўказу, якіх уціхамірвае толькі баявы газ, гратэскавае НАТО, фанабэрлівыя амерыканцы, крывадушныя кітайцы ды палякі, якія ўсё хаваюць свае славянскія карані. Але не толькі яны. Пакуль Расея не пераможа ў чарговай сусветнай вайне, здрадзіць можа нават найбліжэйшы саюзнік…

Беларусы-здраднікі

«Грэнадзёры падпалкоўніка Урусава толькі цяпер, аб адзінаццатай раніцы, увайшлі ў гарадок Зволень. Палякі, якія змагаліся за яго, як львы, былі, урэшце, выбітыя пасля масіраванага ўдару корпуснай артылерыі ды дасланага на дапамогу корпусу палка Су-39 і сталі павольна адыходзіць у бок Радамі. (…) Ля Зволеню брыгада пратапталася амаль содні. Каштоўныя содні. Замест імклівага абыходу гарадка і рыўка да Радамі прыйшлося браць Зволень у лоб танкавай брыгадзе.

Трэба аддаць належнае камбрыгу Разумоўскаму: ладзіць прыступ а-ля «навагодні Грозны» ён не збіраўся. Стаў выбіваць палякаў метадам дыстанцыйнага агнявога паражэння. Метад эфектыўны, але доўгі. Але нічога іншага камандзіру брыгады не заставалася. Зволень, паводле плану, павінны былі браць беларусы са 103-яй гвардзейскай мабільнай брыгады. Але тут умяшалася вялікая палітыка, непазбежная ў любой кааліцыйнай вайне.

Камандуючы сухапутнымі войскамі Беларусі генерал Маразевіч загадаў адвесці брыгаду ў тыл, да беларускай мяжы. Такі ж загад атрымалі ўсе беларускія фармаванніі і падраздзяленні, якія знаходзіліся ў складзе сілаў Славянскай Канфедэрацыі. Па тэлевізары выступіў вечны прэзідэнт Беларусі Рыгор Лукошка, які паведаміў насельніцтву, што беларускія фармаванні павінны прыкрыць нацыянальныя межы. У сумесных аперацыях з расейцамі ды ўкраінцамі – не ўдзельнічаць. Ад Лукошкі саюзнікі такога не чакалі».

Такім чынам расейскія палітычныя тэхналогіі змешваюцца з фантастыкай, а фікцыя – з рэчаіснасцю. Сённяшнія прапагандысцкія выданні навінаў расейскага тэлебачання пацвярджаюць прапагандысцкія тэорыі, якія апошнімі гадамі прыдумалі «аўтары-фантасты».

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

І над усім гэтым лунаюць лозунгі пра тое, што Расея мае патрэбу ў моцным лідары, магутнай арміі і найлепшых на свеце спецслужбах. Толькі гэта дазволіць дзяржаве, якая падымаецца з каленяў, выканаць сваю місію ў выратаванні свету. Бо свету патрэбная дапамога Расеі ды ўсталяванне сапраўднага парадку.

Беларусь: Набат-2

Больш ці менш удалая спроба перанесці літаратурныя сцэнарыі на ўкраінскую глебу ды своечасовая падрыхтоўка расейскай свядомасці да вайны з найбліжэйшым суседам сталі фактам.

Падрабязнасці кнігі, напісанай за дзевяць гадоў да падзеяў на плошчы Незалежнасці ў цэнтры беларускай сталіцы, таксама аказаліся надзвычай прарочыя. Механізмы, што кіруюць сусветнай палітыкай, тут тлумачыліся падобным чынам: антырасейскаю змовай Захаду з мясцовымі нацыяналістамі.

І ўсё паказвае на тое, што гэтым справа не скончыцца, а кола гісторыі (хацелася б спадзявацца, гісторыі прыдуманай) зноў паварочваецца ў бок Менску. За няпоўныя паўгода да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі маскоўскае выдавецтва «Эксмо» анансуе чарговы раман Аляксандра Афанасьева. І называецца ён гэтак жа, як і кніга Віктара Чаркасава, выдадзеная ў 2001-ым, – «Беларускі набат»:

[vc_single_image image=”18″ img_size=”large”]

«2020…

За шэсць гадоў, якія прайшлі з моманту дзяржаўнага перавароту ва Украіне, свет не стаў больш бяспечным. Развязаная ўкраінскімі нацыяналістамі пад патранажам заходніх спецслужбаў грамадзянская вайна пагражае выліцца на тэрыторыю Расеі. Ажывілася і сусветнае тэрарыстычнае падполле, якое марыць узяць рэванш за страту Каўказу. Сілавыя ведамствы нашай краіны рыхтуюць беспрэцэдэнтныя захады па барацьбе з бандэраўскімі дыверсантамі ды міжнародным тэрарызмам. Але вораг збіраецца нанесці ўдар, адкуль не чакалі. Гэтым разам пад пагрозаю аказалася Беларусь. Сутычка Віктара Сіўкова – працаўніка Часовай Свабоднай Аператыўнай Групы – з падступным усюдыісным ворагам працягваецца…»

«Беларускі набат»… Амаль 15 гадоў таму назва першага раману гучала як прыглушаны сігнал трывогі. Сёння яна разносіцца, быццам вой сірэны.

Цэзары Галіньскі, belsat.eu/pl, пераклад: Інга Астраўцова

Стужка навінаў