«Спачатку кантроль на мяжы, толькі потым – выбары»


Менскія дамоўленасці не выконваюцца, таму іх не існуе. Гэтак мяркуюць усё больш украінскіх палітыкаў і экспертаў. Ці захоўваецца магчымасць дыпламатычнага развязання ваеннага канфлікту на Данбасе – пра гэта мы размаўляем з Уладзімірам Агрызкам – міністрам замежных справаў Украіны ў час прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі.

На ўсходзе актывізуюцца дзеянні баевікоў, АБСЕ следам за Расеяй плануе замяніць свайго прадстаўніка ў складзе менскай кантактнай групы. Менская дыпламатыя зайшла ў тупік?

Я ад самага пачатку прытрымліваўся меркавання, што менскі фармат і ўсе тыя дамоўленасці не будуць мець перспектывы. І тут пытанне зусім не ў тым, хто ад АБСЕ ўзначальвае місію. Пытанне ў тым, што Расея не збіраецца выконваць таго, што яна падпісала рукамі сваіх жа стаўленікаў, а калі казаць шчыра – баевікоў. Таму я проста не веру ў нейкія вынікі сустрэчаў у Менску, бо калі адзін бок не жадае іх выканання, іншыя бакі могуць рабіць усё што заўгодна, але нічога не будзе.

Давайце згадаем, напрыклад, Прыднястроўе, або Асецію, або Абхазію. Гэта проста паўтор даўно вядомага сцэнару, які Расея вельмі добра адпрацавала на ўсіх гэтых тэрыторыях. І сёння яна спрабуе гэта зрабіць на Данбасе.

Абсалютна выразная тактыка зацягвання перамоваў. Мы можам радавацца, што збіраюцца працоўныя групы, толькі яны нічога не вызначаць, бо Расея не прызнае сябе крыніцай агрэсіі. У англійскай мове ёсць такі выраз – «манкі бізнес», вось гэты фармат – малпавая праца, якая будзе працягвацца да таго моманту, пакуль усё не выбухне.

З іншага боку, здаецца, што і нармандскі фармат фактычна перайшоў у тэлефонны рэжым. І складаецца ўражанне, што і ЗША апошнім часам усе менш надаюць увагі гэтаму канфлікту.

Я не думаю, што Захад адмаўляецца ад развязання гэтага канфлікту. Давайце згадаем, што ў выніковым дакуменце апошняга пасяджэння «Вялікай сямёркі» дакладна і ясна напісана, што любыя далейшыя агрэсіўныя дзеянні Расеі прывядуць да ўзмацнення санкцыяў. Пытанне толькі ў тым, калі Захад ухваліць адпаведнае рашэнне. Вядома, цяжка даваць рэкамендацыі лідарам найбольш магутных сусветных дзяржаваў, але мне здаецца, трэба было б яшчэ і ўсталяваць пэўныя часовыя межы – маўляў, калі да пэўнага тэрміну правакацыі ды падтрыманне баевікоў не спыняцца, вось тады і пачнецца новая хваля санкцыяў. Мне здаецца, што такі падыход прастымуляваў бы Расею пераасэнсаваць тое, што яна робіць.

Цяпер усё менш згадваюць пра неабходнасць перадачы ўкраінска-расейскай мяжы пад кантроль украінскіх уладаў, у той жа час усё больш кажуць пра неабходнасць правядзення там мясцовых выбараў. Што гэта азначае – Украіна змякчае сваю пазіцыю і гатовая ўзаконіць самаабвешчаныя ўлады ў гэтых рэгіёнах?

Не-не. Кантроль за мяжой – галоўная ўмова правядзення выбараў. Нельга правесці выбараў пад аўтаматамі.

Гэта ўжо было ў Крыме, і нельга дапусціць паўтарэння такога фарсу на часова акупаваных тэрыторыях Данбасу. Выбары могуць адбыцца толькі тады, калі кантроль за мяжою возьмуць на сябе ўкраінскія войскі, а міжнародная супольнасць, у асобе той жа АБСЕ, арганізуе і будзе назіраць за выбарамі.

І гэта, уласна, адзіная функцыя, якую гэтая арганізацыя можа выканаць больш-менш нармальна. Усё астатняе – як кажуць, ад нячыстага.

Жыхары Данецку патрабавалі ад самаабвешчаных уладаў гэтак званай ДНР пачаць наступ на ўкраінскае войска і ўсталяваць мір. Украіна ў сваю чаргу разглядае магчымасць поўнай эканамічнай блакады. На вашую думку, ці можа Данбас вярнуцца ва Украіну і пры якіх умовах гэта магчыма?

Умова адна – кантроль за ўкраінска-расейскаю мяжою з боку ўкраінскай дзяржавы. Разумееце, няма таго ўнівермагу, дзе можна купіць танк, БТР або «Град». Гэта ўсё простыя пастаўкі з Расеі. Расейскія гуманітарныя канвоі я б назваў тэрарыстычнымі, бо кожны раз яны прывозяць боепрыпасы, амуніцыю, перакідваюць вайскоўцаў. Да таго часу, пакуль мы не будзем кантраляваць мяжу, такая сітуацыя будзе працягвацца. Таму вельмі цынічнымі выглядаюць заявы Расеі пра неабходнасць правядзення выбараў. Гэта азначае, што Расея не хацела, не хоча і не захоча ніякіх зменаў, і яе мэта адзіная – максімальна раскалоць Украіну на дзве часткі, адна з якіх не хоча мець зносінаў або супрацоўнічаць з іншаю. Але Расея недаацаніла міжнародную рэакцыю. Ведаеце, на пасяджэнні «Вялікай сямёркі» мяне, шчыра кажучы, парадавала меркаванне аднаго з кіраўнікоў, які сказаў, што на Захадзе паступова пачынаюць усведамляць, што Расея становіцца не стратэгічным партнёрам, а галоўнай глабальнай пагрозай.

Гутарыла Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў

Стужка навінаў