SOS-вёска ў Бараўлянах атрымае грошы, якія рэдактар «Белсату» выгуляў у польскай тэлевіктарыне


Упершыню ў гісторыі прызавыя праграмы адправяцца за мяжу.

Рэдактар праграмаў «ПраСвет» і «Загадкі беларускай гісторыі» Сяргей Пеляса разам з карэспандэнткай Польскага тэлебачання ў Брусэлі Дамінікай Чосіч напрыканцы кастрычніка паўдзельнічалі ў інтэлектуальным шоу «Вялікі тэст TVP пра Еўропу». Журналісты выгулялі перамогу. Узнагарода склала 30 000 злотых (каля $ 8 300).

Нашыя калегі дамовіліся, што перададуць сродкі арганізацыі «Дзіцячыя вёскі SOS» – з надзеяй, што палову сумы ўдасца перадаць у Беларусь.

Арганізацыя «SOS-Дзіцячая вёска» – няўрадавая дабрачынная арганізацыя, якая абараняе правы і інтарэсы сірацінаў. Першая вёска з’явілася ў 1949 годзе ў Аўстрыі для дзяцей, якія згубілі бацькоў падчас Другой сусветнай. «SOS-Дзіцячая вёска» ўтварае суцэльны комплекс з асобных будынкаў, у якіх пражываюць SOS-сем’і.

У Беларусі SOS-вёскі ёсць у Мар’інай Горцы, Менску і Бараўлянах. Апошняя – самая нетыповая.

«Гэта адзіная ў свеце такога тыпу вёска, у якой жывуць бацькі з дзецьмі, якія рыхтуюцца да анкалагічнай тэрапіі», – кажа Сяргей Пеляса.

Сёння стала вядома, што ёсць фармальная магчымасць для перадачы грошай вёсцы.

«У першую чаргу мы скіруем гэтыя грошы для анкалагічна хворых дзяцей», – кажа яе кіраўнік Віталь Каратыш.

Другая палова сродкаў трапіць у адну з польскіх SOS-вёскаў. Грошы пойдуць на арганізацыю святаў Божага Нараджэння для пакінутых дзяцей і сірацінаў.

ДД

Стужка навінаў