Сорас сыходзіць з Расеі... інакш, чымся з Беларусі


Арганізацыя, дзякуючы якой у 90-я гады ў Беларусь прыйшоў Інтэрнэт і якая паставіла на ногі не адну сотню творцаў і навукоўцаў. 19 гадоў таму фонд Сораса выгнала беларуская дзяржава, цяпер – выганяе і расейская. У сваёй заяве Джордж Сорас назваў дзеянні Масквы «часоваю аберацыяй». Наш жа эксперт лічыць, што часовым адхіленнем для расейскае ўлады быў акурат дазвол на шматгадовую дзейнасць фонду ў аўтарытарнай краіне.

У фондзе «Открытое общество» (фонд Сораса) раскрытыкавалі рашэнне Генпракуратуры Расеі аб занясенні арганізацыі ў спіс «непажаданых».

«З 1987 года наш фонд падтрымаў вялікую колькасць асобаў і арганізацыяў, у тым ліку ў галіне навукі, адукацыі ды аховы здароў’я. Наш фонд фінансаваў сетку інтэрнэт-цэнтраў у 33-х універсітэтах па ўсёй краіне, дапамог студэнтам і навукоўцам падарожнічаць і навучацца за мяжою, падтрымліваў праграмы навучання ў раннім дзяцінстве, стварыў сетку цэнтраў сучаснага мастацтва, якія дзеюць дагэтуль», – гаворыцца ў афіцыйнай адозве фонду.

Заканадаўчую платформу для выгнання непажаданых арганізацыяў Масква стварыла яшчэ ў ліпені. Савет Федэрацыі зацвердзіў існаванне «патрыятычнага стоп-спісу» арганізацыяў, якія «уяўляюць пагрозу канстытуцыйнаму строю краіны і бяспецы дзяржавы». На жорсткі вердыкт не давялося доўга чакаць.

«Масква яшчэ раз пацвердзіла сваю гатовасць да самаізалявання, – кажа былы выканаўчы дырэктар фонду ў Беларусі Алесь Анціпенка. – У Расеі няма неабходнасці паказваць, што яна не аўтарытарная дзяржава, бо ў яе багата сваіх рэсурсаў. Масква паказвае, што гатовая да татальнай ізаляцыі, татальнай канфрантацыі з цывілізаваным светам. Таму ўнутры краіны ідзе безапеляцыйны працэс задушэння дэмакратычных каштоўнасцяў. Пасля перыяду постсавецкай лібералізацыі і перабудовы Расея вяртаецца да сваёй звыклай мадэлі існавання. Гэта моцны цэнтр улады, прапаганда імперскасці, адсутнасць хоць якіх правоў і грамадзянскай супольнасці… А звонку – ворагі».

Тым не менш, фонд Сораса агулам працаваў у Расеі цягам больш чым 19-ці гадоў. У Беларусі – утрая карацей (1992-1997 гг.). Для краіны, якая не валодае багатымі прыроднымі рэсурсамі і якая толькі-толькі атрымала дзяржаўную незалежнасць ад Расеі, фонд Сораса быў веерам новых мажлівасцяў. Эканамічнае становішча Беларусь было слабым, прыбыткі насельніцтва – невялікімі, вытворчасць – неразвітою. А фонд Сораса прапаноўваў добра фінансаваныя праграмы. Навучаліся журналістыцы, карыстанню новаю тэхнікаю, Інтэрнэтам. Гэта дазваляла студэнтам, мастакам, навукоўцам выязджаць за мяжу і абменьвацца досведам на міжнародных канферэнцыях. Былі праграмы падтрымання мастацтва і культуры, перакладніцкай і выдавецкай дзейнасці.

«Фонд Сораса даваў ініцыятыўным людзям магчымасць рэалізаваць свае праекты: падрыхтаваць выставу, выдаць кніжку, пабачыць жыццё за мяжой, – гаворыць Алесь Анціпенка, які ад пачатку працаваў у беларускай арганізацыі. – Гэта стварала надзвычай некамфортную сітуацыю для дзяржавы. Бо дзейнасць Сораса сталася цэнтрам прыцягнення ўсяе творчае і навуковае эліты. Таму ўзнікла рашэнне нас закрыць. Як я зразумеў, прымалася яно на ўзроўні Савету Бяспекі, бо акурат адзін з прадстаўнікоў гэтае структуры і прыйшоў у наш офіс з прыкраю навіной, што нашая арганізацыя будзе закрыта».

Прадстаўнікі фонду спрабавалі весці перамовы з дзяржаўнымі чыноўнікамі, але дыпламатычны шлях не даў вынікаў. На загад Савету Бяспекі распачалася фінансава-гаспадарчая праверка. Арганізацыю зацягалі па судах, абвінавацілі ў няплаце падаткаў і выставілі трохмільённы штраф. Летам 97-га замарозілі рахунак. Хоць яшчэ за Вячаславам Кебічам фонд атрымаў статус дабрачыннае арганізацыі, а значыцца – вызваленай ад падаткаў. Вакол усяго гэтага аднак вяліся доўгія дыскусіі. Афіцыйны Менск цягнуў час, намагаючыся выглядаць разважлівым і бесстароннім у вачах міжнароднай супольнасці.

Заснаваную амерыканскім фінансістам, дэмакратам Джорджам Сорасам арганізацыю з Расеі выдвараюць у зусім іншы час. Дзяржаўныя медыі акцэнтуюць увагу на тым, што «фінансаваныя Амерыкаю апазіцыянеры – аўтары каляровых рэвалюцыяў і крывавага Майдану», а таму варта задумацца, ці фонд займаецца ў Расеі менавіта асветніцкімі праграмамі… Расейцаў ужо папярэдзілі – супраца з «непажаданымі арганізацыямі» цягне за сабою крымінальную адказнасць ды нават пазбаўленне волі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў