«Сорамна за чальцоў камісіі, якія палічылі для сябе магчымым пайсці на гэтае злачынства». Сведчанні ад назіральніка


Рэдакцыя belsat.eu атрымала справаздачу аднаго з незалежных назіральнікаў у Менску. Зміцер Саўка апісвае, якім чынам фальсіфікаваліся выбары на ягоным участку.

Мы публікуем справаздачу назіральніка без зменаў:

«Дарагія калегі, сябры!

Цягам 6 дзён я быў назіральнікам на выбарах – на ўчастку № 58 Савецкага раёну Менску (СШ 28). Вось сутнасць ПАРУШЭННЯЎ, якія я зафіксаваў:

1. Назіральнікаў не дапусцілі рэальна назіраць за працэсам падліку галасоў. Назіральнікаў было 15: 13 – квазіназіральнікі з БРСМу і падобных арганізацыяў (амаль усе – працаўнікі гэтае ж школы).

2. Рэальныя назіральнікі, я з калегам. Усіх пакінулі за 15 м ад сталоў падліку ў тарцы памяшкання калідорнага тыпу. У другім тарцы стаялі тарцом жа сталы падліку, загароджаныя постацямі чальцоў камісіі.

Я пайшоў на канфлікт са старшынёю камісіі – аж да мяжы выдалення з участку з міліцыяй, у выніку чаго апынуўся за 3 м ад стала, але шанцаў нешта пабачыць гэта практычна не дадало.

2. Цягам асноўнага дня галасавання мы з калегам налічылі 710 асобаў, якія кінулі бюлетэні ў скрыні. У выніковым пратаколе камісіі называецца лічба 1046 асобаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах у асноўны дзень галасавання. Розніца складае 336 квазігаласоў.

3. У выніковым пратаколе камісіі называецца лічба 96 асобаў, якія прагаласавалі за Караткевіч. Аднак у часе падліку галасоў лічба 96 за Караткевіч называлася як выніковая за асноўны дзень галасавання. Пры падліку галасоў на датэрміновым галасаванні называлася лічба 36 за Караткевіч. Такім чынам, у Караткевіч камісія скрала прынамсі гэтыя 36.

ВЫСНОВЫ:

1. Асцерагаючыся, што выбары на ўчастку могуць не адбыцца з прычыну правалу «яўкі», відаць, камісія дакінула тую колькасць квазігаласоў, якая забяспечвала б сітуацыю, пры якой выбары лічыліся б здзейсненымі незалежна ад рэальнай актыўнасці выбарнікаў.

2. Для такой фальсіфікацыі дастаткова намаганняў аднаго чалавека.

3. Адказнасць за фальсіфікацыю я маю падставы ўскладаць на старшыню камісіі Алу Панцялей – завуча СШ № 28 Менску.

Грамадзянін Беларусі Зміцер Саўка

P. S. Мне надзвычай крыўдна, няёмка, сорамна за чальцоў камісіі, якія палічылі для сябе магчымым пайсці на гэтае злачынства».

Глядзі таксама
Каментары