«Сорамна!» – чым і як ваюе Украіна?


Ва Украіну едуць натаўскія вайскоўцы высокага рангу, у тым ліку камандуючы сухапутнымі сіламі ЗША ў Еўропе Фрэдэрык Ходжэс. Яны прыбываюць найперш у межах дапамогі ў навучанні ўкраінскіх жаўнераў і афіцэраў весці баявыя дзеянні. Амерыканцы, аднак, адзначаюць вялікія праблемы ва ўзброеных сілах нашых суседзяў.

Ніколі ў найноўшай гісторыі Украіна не была такой мілітарызаванай, як цяпер. І ніколі яшчэ ўкраінская «абаронка» не мела столькі замоваў ад дзяржавы. Распрацоўкі найбуйнейшага вытворцы зброі, кампаніі «Украбаронэкспарт», цяпер ідуць не на экспарт, а на фронт.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
«Ключавая небяспека, якая пагражае нам сёння з боку агрэсара, гэта рух актыўных танкавых калонаў. Але сёння мы прадэманстравалі, што Узброеным сілам Украіны будзе чым іх сустрэць».

Падчас выставы ўзбраенняў прэзідэнту Украіны паказалі шмат айчынных навінак: бронеаўтамабілі з абаронай ад мінаў, беспілотнікі для выведкі, і ўкраінскія супрацьтанкавыя комплексы, якія ў дзяржаўнай прэсе называюць аналагам амерыканскіх ракетаў «Джавелін».

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ
«Ракеты «Стугна», ракеты «Бар’ер», ужо мадэрнізаваныя ракеты «Карсар», высокадакладныя міны і рэшта ўзбраенняў, у тым ліку і найсучаснейшая сістэма кіравання агнём, ужо праз 2–3 тыдні будуць у войсках».

Але на перадавой пакуль такой прыгажосці мала. Украінскія вайскоўцы і нацгвардзейцы часта ваююць яшчэ на савецкіх БТРах і танках. Замест бронеаўтамабіляў там ездзяць УАЗікі-буханкі і пераробленыя джыпы. У кітайскіх грамадзянскіх беспілотнікаў, купленых на сабраныя валанцёрамі грошы, расейскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы перахопліваюць кіраванне, каб пасадзіць на сваю тэрыторыю. А ўкраінска-беларускі ПТРК «Стугна» – зусім не аналаг «Джавеліну». Ён проста танны і свой.

І чым бліжэй лінія фронту, тым цяжэй жывецца жаўнерам. Напрыклад, Міністэрства абароны выдае на чалавека ўсяго адзін камплект формы, якая ў палявых умовах хутка псуецца. Бывае, новыя берцы са складаў развальваюцца за пару тыдняў. За часы Януковіча войска раскралі, яно наскрозь прасякнулася карупцыяй. А за год вайны так і не з’явілася даверу баявых частак да штабоў. Камандаванне занадта часта аддавала пасярод бою ўсяго два загады: «Працягвайце назіранне» і «Чакайце».

МІХАЙЛА ПРАДУН, БАЕЦ АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЙ АПЕРАЦЫІ:
«Льется кров невінна,
Стогне Украіна.
Выходу не відно,
Стыдно».

І ўсё ж украінскія вайскоўцы, добраахвотнікі і валанцёры змаглі адбіць навалу «зялёных чалавечкаў», што ішла з Растоўскай вобласці. Пратрымаліся цэлы год, яшчэ зброяй савецкіх часоў адбілі Славянск, Краматорск і Марыупаль. Дачакаліся, пакуль даедзе міжнародная дапамога. З апошніх навінаў на гэтую тэму – Канада выдасць больш за $ 30 млн на гуманітарную падтрымку Украіны.

РОБ НІКАЛСАН, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ КАНАДЫ:
«У гэты пакет дапамогі ўваходзяць $ 5 млн долараў на ўзмацненне ўкраінскай мяжы праз трэнаванне тых, хто яе ахоўвае і пастаўкі ім неабходных прыладаў».

З Захаду ва Украіну едуць не толькі бронеаўтамабілі і прыборы начнога бачання. У Львоўскай вобласці 300 амерыканскіх дэсантнікаў абменьваюцца з украінцамі баявым досведам.

АНДРЭЙ ГАРДЗІЙЧУК, 173-Я ПАВЕТРАНА-ДЭСАНТНАЯ БРЫГАДА ЗША:
«Для мяне гэта вельмі важна. Для Украіны цяпер насталі цяжкія часы. Прыемна вярнуцца і паспрабаваць дапамагчы Украіне і ўкраінцам».

ЗША і краіны Еўразвязу не раз давалі зразумець Кіеву, што гатовыя даслаць яшчэ больш дапамогі войску і Нацгвардыі. Але спачатку Украіна мусіць навесці парадак у структуры Узброеных сілаў, каб заходняя зброя выпадкова не трапіла ў рукі баевікоў з-за карупцыі ці разгільдзяйства.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары