Сонечную электрастанцыю кампаніі «Velcom» прызналі адным з найлепшых энергапраектаў у Беларусі


Найбуйнейшая ў Беларусі сонечная электрастанцыя, пабудаваная кампаніяй «Velcom» на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях, стала пераможцам другога рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці-2016» сярод праектаў у галіне аднаўляльных крыніц энергіі.

Сонечны парк стаў пераможцам у намінацыі «Тэхналогіі і праекты на аснове аднаўляльных крыніц энергіі». Найлепшыя праекты выбірала журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарту, Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Праграмы развіцця ААН, іншых арганізацыяў і навуковых інстытутаў. Усяго імі было выбрана 17 праектаў і тэхналогіяў, у тым ліку энергаэфектыўныя дамы і сістэмы энергазберажэння аўтазаправак.

Сонечная электрастанцыя пабудавана «Velcom» пад Брагінам і займае тэрыторыю памерам з 60 футбольных палёў. Яе намінальная магутнасць дасягае рэкордных для беларускіх сонечных установак 18,48 МВт, складаецца яна з 85 тыс. сонечных панэляў, а ў будаўніцтва электрастанцыі ўкладзена € 25 млн. Парк дазволіў знізіць энергетычную залежнасць краіны ад вуглевадароднай сыравіны – кожная гадзіна працы сонечнай электрастанцыі дазволіць адмовіцца ад 7 тыс. кубаметраў прыроднага газу.

Сонечны парк таксама мае ўдыхнуць жыццё ў тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і стаць прыкладам таго, як забруджаныя землі могуць быць выкарыстаныя ў камерцыйнай дзейнасці і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы. У прыватнасці, да эксплуатацыйнага абслугоўванні парку актыўна прыцягваюцца мясцовыя падрадныя арганізацыі.

Конкурс «Лідар энергаэфектыўнасці» праводзіцца ў Беларусі пад эгідай дэпартаменту па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі. Мэтамі конкурсу выступаюць пошук і выяўленне найлепшых энергаэфектыўных прадуктаў, сістэм і тэхналогіяў, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, сферы ЖКГ і энергетыцы.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў