Смутак, гнеў і радасць у Вільні. Лявон Вольскі прэзентаваў «Псіхасаматыку»


Чацвёрты сольны альбом Лявона Вольскага прэзентаваны ў Вільні – з поўнаю заляю слухачоў ды інтэрнэт-трансляцыяй ад «Белсату», якую паглядзелі больш за 10 тысячаў асобаў. Запіс канцэрту з’явіцца на сайце праз месяц. А наш карэспандэнт прыглядаўся ды прыслухваўся да «Псіхасаматыкі» ад «саўндчэку» да канцэрту. 

Тэорыя пра псіхасаматычныя хваробы гаворыць пра залежнасць фізічнага стану арганізму ад псіхічных працэсаў. Мяркуецца, што галоўную ролю тут адыгрываюць пяць эмоцый: смутак, гнеў, цікаўнасць, страх і радасць. Ці гэтыя эмоцыі закладзеныя і ў альбом «Псіхасаматыка»? Лявон Вольскі ў адным з інтэрвʼю сказаў, што заўважаў праявы псіхасаматыкі ў жыцці. І што лекар, праслухаўшы альбом, мог бы знайсці пэўныя сімптомы і паставіць дыягназ.

“Саўндчэк” перад канцэртам у Вільні

Трэк-ліст канцэрту адметны тым, што «Псіхасаматыка» ў Вільні прагучала «ўадваротным парадку». Альбом складаецца з двух роўных частак: першая – «Горад», з пратэстнымі і хвосткімі тэкстамі, другая – «Лес», лірычная і нават філасофская. Канцэрт распачаўся, у адрозненні ад альбома, «акустычным меладычным» сэтам, як яго акрэсліў Лявон Вольскі.

Смутак ці рэфлексія?

Песня, што адчыніла віленскі канцэрт, канстатуе тыя межы, што сціскаюць і Лявона, і тых, для каго «Псіхасаматыка» аказалася блізкай. Самы знакавы беларускі рокер нашага часу вымушаны прэзентаваць свой новы альбом для беларусаў па-за межамі сваёй краіны. Зрабіць гэта ўдома – гэта ў лепшым выпадку ісці «на паклон» ды «кампрамісы».

Тут з-за дрэваў пазіраюць на мяне ваўкі-дзікі.

Хоць якую зброю тут было б някепска мець…

Аднадумцаў, бо гэтае слова найбольш трапна гаворыць пра аўдыторыю Вольскага, набралася поўная заля віленскага клубу «Лофтас».

Шмат хто меў з сабою бел-чырвона-белыя сцягі, на якіх, як сведчанне «падпольнасці», праступаюць сляды-палоскі: акуратна складзеныя яны ў асноўным ляжаць у шафах і шуфлядах. Нават тут, на канцэрце ў вольнай Вільні, першыя пару трэкаў яны спачываюць на плячах сваіх гаспадароў нібы асабістыя штандары, а не лунаюць над натоўпам, як сімвал, што яднае.

Але на гэта надыдзе час у другой частцы канцэрту – больш драйвовай і «палітычнай».

Далей гучыць «крыху настальгічная», як назваў яе Лявон, «Шэрая кроў» ды песня-папярэджанне «Чалавек-ніхто». І адразу ж, без уступных словаў і падрыхтоўкі – самая інтымная і неверагодна шчырая «Цёплае мінулае».

Да гэтай песні на канцэрце, напэўна ў душы рыхтаваліся і Лявон, і гледачы. Атрымалася… вельмі светла, нягледзячы ні на што гэта не быў твор, што раз за разам мусіць трывожыць старыя і свежыя раны. Немагчыма без смутку згадваць тых, хто нас пакінуў ды тыя часы, што ўжо не вернеш. Але і нельга іх згадваць без радасці і ўдзячнасці ўжо праз тое, што яны былі.

У першую частку канцэрту трапілі і некалькі твораў з «Грамадазнаўства». Некаторыя песні з гэтых двух альбомаў пераклікаюцца тым, што яны і лірычныя, і адначасова патрабавальныя да слухача. Вобразнасць і эмацыйнасць змушае СЛУХАЦЬ і ЧУЦЬ тэкст, каб зразумець яго.

Гнеў, панк, пратэст!

Пасля кароткага перапынку Лявон Вольскі з музыкамі ізноў выходзіць на сцэну, гэтым разам каб зайграць больш «панкавы» і пратэстны сэт.

«Гэты прывід дабрабыту і ягоны трошку бэзавы смак –

Ад яго чагосьці хочацца далёка ўцячы.

Але мяне на гэтым палатне намаляваў мяне мастак

І я стаю без зброі, а ва ўсіх двурушныя мячы».

Выглядае на тое, што публіка ўрэшце асвоілася ў залі. Сцягі лунаюць пад сцэнаю, людзі танчаць і спяваюць разам з Лявонам. Гучыць чарговыя трэкі з «Грамадазнаўства» – «Міліцыянты і прастытуткі», «Ламай сцэнар!». За імі – творы з новага альбому.

«Стаміліся людзі ад подзвігаў,

Ад вышэстаяшчых работнікаў.

А мне б адштурхнуцца ад ходніка

І ў шэрае неба ўзляцець»



Зʼяўляецца і першы стэйджэр. Хлопец залазіць на сцэну, і пасля кароткага абмену фразамі з Вольскім з некаторай асцярожнасцю, але скача ў натоўп. Канцэрт перапоўнены драйвам і энергетыкай новых песень – «Радзіма нарадзіла», «Найлепшы для жыцця».

Але акрамя новых твораў у Лявона прыхаваная і сапраўдная «бомба», і не адна. Напрыклад, «спраўджаная» «Лёгкія-лёгкія» ды напрыканцы – легендарныя «Тры чарапахі», выкананыя ўжо на біс.

Запіс канцэрту з’явіцца на сайце і ў эфіры тэлеканала  праз месяц.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Фота аўтара

Стужка навінаў