Смурод ад радыятарнага заводу ў Менску атручвае жыццё жыхарам вуліцы Скрыганава


Ужо каторы дзень жыхары вуліцы Скрыганава ў Менску літаральна не могуць дыхаць. Прычына таму – рэзкі смурод, які ідзе ад радыятарнага заводу, што месціцца побач.

Жытло ў мініполісе «Каскад» лічыцца прэстыжным нягледзячы на суседства трох заводаў. Гэты раён – адзін з самых экалагічна неспрыяльных, і жыхары пра гэта ведалі, але ўсё адно не чакалі такога.

Мясцовыя жыхары звярнуліся з прэтэнзіямі ў гарадскі выканаўчы камітэт, але ім адказалі, што ўсе меры перасцярогі прынятыя. У прыватнасці, сёлета ў траўні на радыятарным заводзе змянілі фільтры, але ўсё адно штораніцы над раёнам можна ўбачыць смог.

Экспертыза тут пакуль не праводзілася, але эколагі лічаць, што смурод можа ўзнікаць у тым ліку з-за спякотнага надвор’я.

Эколагі раяць у такіх выпадках звяртацца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб спецыялісты правялі экспертызу. Апрача таго, жыхары ў праве папрасіць мясцовае кіраўніцтва паліваць дарогі ў спякотныя дні – гэтак пыл не будзе падымацца ў паветра.

Пах настолькі моцны і непрыемны, што жыхары не рызыкуюць выводзіць зранку ў двор маленькіх дзяцей. Зварот да гарадскіх уладаў нічога не змяніў, таму мясцовыя збіраюцца пісаць наўпрост кіраўніку краіны.

Настасся Храловіч, belsat.eu

Стужка навінаў