СМІ: Расея плануе часткова вывесці войскі з Сірыі


Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу на базе Хмеймім, фота globallookpress.com

Расейскія ўлады разглядаюць магчымасць скарачэння вайсковага кантынгенту ў Сірыі і вываду з гэтай краіны часткі ваеннай тэхнікі, піша «Коммерсант» са спасылкай на дзве ваенна-дыпламатычныя крыніцы.

Суразмоўцы выдання сцвярджаюць, што, у прыватнасці, плануецца часткова вывесці тэхніку з авіябазы Хмеймім. Калі план будзе рэалізаваны, піша «Коммерсант, то ў Сірыі застанецца кантынгент, неабходны для аховы аб’ектаў у Хмейміме і Тартусе, падраздзяленні ваеннай паліцыі і ваенныя дарадцы.

Пры гэтым крыніцы агенцтва падкрэслілі, што канчатковае рашэнне аб скарачэнні расейскай групоўкі ў Сірыі пакуль не прынята.

План часткова вярнуць у Расею тэхніку і вайскоўцаў, адзначае выданне, распрацоўваецца на фоне паспяховых дзеянняў урадавых сіл. Паводле дадзеных Мінабароны РФ, войскі, якія падпарадкоўваюцца прэзідэнту Сірыі Башару Асаду, кантралююць каля 95% тэрыторыі краіны і таму маштабнай расейскай падтрымкі ўжо не патрабуецца.

***

Расея праводзіць спецаперацыю ВПС у Сірыі з верасня 2015 года. Афіцыйна мэтай аперацыі была заяўлена барацьба супраць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава».

Паводле афіцыйных дадзеных, за гэты час у Сірыі загінулі 38 вайскоўцаў. Як піша агенцтва Reuters, яшчэ 130 загінулых расейцаў, меркавана, належылі да прыватнай ваеннай групоўкі.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары