СМІ: расейскія шпіёны спрабавалі ўвайсці ў давер да знаёмых Макрона


Расейскія шпіёны выкарыстоўвалі падстаўныя акаўнты ў фэйсбуку, каб атрымліваць інфармацыю ад знаёмых прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона падчас перадвыбарнай кампаніі.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на неназванага кангрэсмена ЗША і іншыя дасведчаныя крыніцы ва ўладных структурах.

Сцвярджаецца, што для сачэння за Макронам былі створаны дзясятки тысяч акаўнтаў, якія прыкідваліся «сябрамі сяброў» ягоных паплечнікаў.

Крыніцы заяўляюць, што ў справаздачы Facebook няма звестак аб паспяховым узломе кагосьці з набліжаных да прэзідэнта. Пры гэтым высветлілася, што для сачэння выкарыстоўвалі інструменты хакерскіх груповак, звязаных з Галоўным разведвальным кіраваннем Мінабароны Расеі.

Facebook пацвердзіла Reuters, што фіксавала шпіёнскія акаўнты ў Францыі і збіраецца дэактываваць іх. Ці маюцца на ўвазе акаўнты, якія шпіёняць за Макронам, не ўдакладняецца. Колькасць акаўнтаў, адключаных за прапаганду і спам у перадвыбарчы перыяд у Францыі падвоілася, распавялі крыніцы агенцтва.

За дзень да другога тура выбараў прэзідэнта Францыі хакеры апублікавалі перапіску штаба Макрона. Шэраг спецыялістаў прытрымліваюцца меркавання, што да ўзлому перапіскі маюць дачыненне хакеры з расейскага Мінабароны.

II, belsat.eu

Стужка навінаў