СМІ: Масква вызначалася з кандыдатурай новага амбасадара РФ у Беларусі


Беларускім уладам высланы дакументы на атрыманне агрэмана (папярэдняй згоды) на прызначэнне былога афіцэра КГБ і экс-прэм’ера Чачэніі Міхаіла Бабіча амбасадарам Расеі ў Менску.

Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля.

Крыніца выдання называе гэта прызначэннем «апаратна ўплывовага чалавека на стратэгічна важны напрамак». Пытанне аб змене амбасадара на Беларусі даўно абмяркоўвалася і стаяла на парадку дня, сказаў РБК суразмоўца ў адной з інтэграцыйных структур СНД.

На дадзены момант Бабіч займае пасаду прадстаўніка прэзідэнта РФ ў Прыволжскай федэральнай акрузе.

Міхаіл Бабіч паходзіць з Разані, служыў у ВДВ і КГБ, ФСБ. З 1995 да 1998 года кіраваў у Маскве карпарацыяй «Антэй» якая распрацоўвае і выпускае ўзбраенне для войскаў супрацьпаветранай абароны. З лістапада 2002 па люты 2003 года ўзначальваў урад Чачэнскай рэспублікі.

Пасля звальнення Міхаіла Зурабава з пасады амбасадара Расеі ў Кіеве ў ліпені 2016 году разглядалася пытанне аб прызначэнні туды Бабіча. Аднак украінскі бок выступіў супраць. Сярод прычынаў той факт, што ў 2014 годзе Бабіч падтрымаў анексію Крыму. Тады ў МЗС Украіны заявілі, што «пытанне знятае з парадку дня па ініцыятыве ўкраінскага боку».

Прадстаўнік камітэту па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Ар’еў адзначаў, што ва ўмовах працягу агрэсіі Расеі супраць Украіны прызначэнне расейскага пасла немагчыма.

Эксперты ў Кіеве заявілі, што Міхаіл Бабіч, біяграфія якога звязана з савецкім КГБ і расейскім ФСБ, закліканы стаць «паслом вайны», што ён з’яўляецца «прафесійным дыверсантам» і «класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі на Данбасе для арганізацыі сілавых аперацыяў».

Нагадаем, з 2006 году расейскую амбасаду ў Менску ўзначальваў Аляксандр Сурыкаў.

ІІ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў