СМІ: Інтэрпол распаўсюдзіў спіс смяротнікаў, гатовых здзяйсняць тэракты ў Еўропе


Больш за 170 баевікоў «Ісламскай дзяржавы» былі падрыхтаваны для арганізацыі выбухаў у Еўропе.

Інтэрпол яшчэ напрыканцы траўня распаўсюдзіў спіс з 173 імёнаў патэнцыйных смяротнікаў, якія прайшлі падрыхтоўку на тэрыторыях, кантраляваных ІД у Іраку і Сірыі, і навучаны «збіраць і ўсталёўваць самаробныя выбуховыя прылады для нанясення сурʼёзных траўмаў ці забойства» вялікай колькасці людзей.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на брытанскую газету The Guardian, што азнаёмілася з дакументам. Ён складзены на падставе звестак, сабраных амерыканскімі спецслужбамі ў рэгіёнах Сірыі і Ірака, вызваленых ад ІД. Гэтыя дадзеныя пазней былі перададзены ФБР, а потым і Інтэрполу.

Спіс утрымлівае імёны патэнцыйных смяротнікаў, дату іх далучэння да ІД, апошняе месца жыхарства, уключаючы мячэці, у якіх яны маліліся, і фатаграфіі. Адна з мэт распаўсюджання спіса ў Еўропе – паспрабаваць усталяваць асобы тых баевікоў, якія нарадзіліся і выраслі ў еўрапейскіх краінах. Інтэрпол папрасіў сваіх партнёраў у краінах Еўропы спраўдзіць спіс са сваімі базамі дадзеных і па магчымасці дапоўніць яго інфармацыяй пра ўзгаданых там асобаў.

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі сыходзіць з таго, што паразы «халіфата» ІД на Блізкім Усходзе павялічваюць рызыку таго, што патэнцыйныя смяротнікі будуць імкнуцца ў Еўропу, каб здзяйсняць там акты месці. Пры гэтым Інтэрпол не цяпер не мае звестак пра тое, ці знаходзяцца ўжо ў Еўропе асобы, названыя ў спісе.

КА, belsat.eu, паводле Deutsche Welle

Стужка навінаў