СМІ: Бізнесоўца Віталя Арбузава выпусцілі пад асабістае паручыцельства


Сюжэт пра затрыманне Арбузава. 13 красавіка 2017

Старшыня савету дырэктараў групы кампаніяў «Fenox Global Group» Віталій Арбузаў выйшаў на волю.

Пра гэта Tut.by паведамілі дзве крыніцы.

«У пятніцу ўвечары яго адпусцілі. Мера стрымання змененая на асабістае паручыцельства», – распавялі суразмоўцы з акружэння Арбузава.

Пад асабістым паручыцельствам маецца на ўвазе, што Арбузаў, знаходзячыся на волі, не схаваецца ад следства і суда, не будзе перашкаджаць расследаванню справы або разгляду яе судом і не будзе займацца злачыннай дзейнасцю.

За што затрымалі аўтамагната

Віталя Арбузава затрымалі ў леташнім красавіку. Яго падазраюць у ажыццяўленні з 2010 года супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з ухіленнем ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерным атрыманнем з бюджэту ПДВ. У прыватнасці, паведамляў КДК, падкантрольныя Арбузаву беларускія прадпрыемствы, па-першае, завышалі ў разы кошт імпартаванай прадукцыі, што дазваляла ім павялічваць выдаткі і памяншаць базу, што абкладаецца падаткам. Па-другое, рэалізоўваючы ў Беларусі, Расеі, Украіне прадукцыю за наяўны разлік, падкантрольныя бізнесоўцу прадпрыемствы афармлялі дакументы на экспарт тавараў па заніжаным кошце, што дазваляла не толькі прыніжаць выручку, але і вяртаць з бюджэту ПДВ. Набытыя тавары рэалізоўваліся таксама буйным прамысловым прадпрыемствам у Беларусі, МАЗу, МЗКЦ, «Пеленг», а таксама ў Расеі, што пасля ўплывала на кошт вырабленай прадукцыі.

«Fenox Global Group» займаецца вытворчасцю тармазных мастоў для «Audi», а таксама «Volkswagen» ды «Fiat». У беларускіх, расейскіх, нямецкіх ды сінгапурскіх філіялах кампаніі на момант затрымання бізнесоўца працавала больш за 7 тысячаў чалавек.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў