Смерць журналіста Аляксандра Шчацініна ў Кіеве: паліцыя правярае версіі


На целе журналіста, заснавальніка інтэрнэт-выдання «Новый регион» Аляксандра Шчацініна, які быў знойдзены мёртвым з агнястрэльным раненнем у Кіеве, судмедэксперты не выявілі ніякіх прыкмет гвалтоўнага характару злачынства.

Пра гэта ў нядзелю, 28 жніўня, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка. «Стрэл ва ўпор у правую скронь з траўматычнага пісталета. Паводле папярэдніх звестак, у загінулага і раней былі суіцыдальныя настроі і спробы. Але следства паліцыі працягваецца. Канчатковыя высновы – пасля», – паведаміў Шаўчэнка.

Як заявіў у нядзелю начальнік паліцыі Кіева Андрэй Крышчэнка, праваахоўнікі разглядаюць дзве асноўныя версіі гібелі Шчацініна – самагубства і забойства праз прафесійную дзейнасць. Паводле Крышчэнкі, абставіны здарэння паказваюць на тое, што Шчацінін здзейсніў самагубства. «Аднак да завяршэння ўсіх экспертыз і ўстанаўлення ўсіх фактаў паліцыя расследуе справу як справу аб наўмысным забойстве», – адзначыў ён, перадае «Інтерфакс-Україна».

Аляксандра Шчацініна знайшлі мёртвым вечарам у суботу, 27 жніўня. Журналіст быў знойдзены з агнястрэльным раненнем галавы ва ўласнай кватэры, на месцы знайшлі ягонае перадсмяротнае пасланне.

Аляксандр Шчацінін ў 1998 годзе заснаваў агенцтва «Новый регион». У «Нового региона» была сеткавая структура – філіялы выдання былі ў шмат якіх рэгіёнах Расеі, Украіны ды іншых краінах. У лютым 2014 года Шчацінін абвясціў пра сыход з пасады галоўнага рэдактара праз ціск расейскіх уладаў, якім не падабалася, як «Новый регион» асвятляў падзеі ва Украіне.

У сакавіку 2015 года Вярхоўны суд Расеі на патрабаванне Федэральнай служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый забараніў дзейнасць «Нового региона» як СМІ.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў