Смерць Нямцова. Вінаватыя ўсе іншыя


Пошук танных сенсацыяў або адмысловая дэзынфармацыя? У спаборніцтве версіяў забойства Барыса Нямцова ўдзельнічаюць і пракрамлёўскія СМІ. Шмат абсалютна эксклюзіўных тэмаў і матываў аб’яднаныя адной рэччу: вінаватымі могуць быць усе іншыя, толькі не Крэмль.

Публікацыя, але не тая

Паведамленне расейскіх апазіцыянераў і незалежных журналістаў пра злачынствы цалкам зразумелае: за забойства апазіцыйных палітыкаў адказныя ўлады. Альбо нават самі ўлады і замовілі забойства, бо Нямцоў збіраўся абнародаваць кампрамітуючыя Крэмль матэрыялы наконт расейскай вайсковай прысутнасці ва Украіне.

Аднак у версіях, якія разглядае следства і якія паслухмяна цытуюцца большасцю СМІ, такі матыў не з’яўляецца нават гіпатэтычна. Матыў непажаданай публікацыі з’яўляецца, але, падаецца, у самым нечаканым кантэксце.

– Следства мае інфармацыю пра тое, што Нямцоў атрымоўваў пагрозы ў сувязі з яго пазіцыяй у справе тэракту ў рэдакцыі «Charlie Hebdo» у Парыжу, – заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Расеі Уладзімір Маркін.

Усе дарогі вядуць у Кіеў?

След, звязаны з ісламскім тэрарызмам, аднак ёсць. Такі, што вядзе не куды-небудзь, а ва Украіну. Расейскія следчыя ўжо правяраюць інфармацыю наконт магчымасці забойства Нямцова баевікамі батальёну імя Джахара Дудаева, што змагаецца на Данбасе супраць прарасейскіх сепаратыстаў. Суарганізатарам забойства мог стаць адзін з яго байцоў, Адам Асмаеў. Той самы, які па просьбе расейцаў быў затрыманы ў Кіеве па падазрэнні ў падрыхтоўцы замаху на Уладзіміра Пуціна, але пасля праз адсутнасць доказаў адпушчаны.

Матыў? Забойства магло б дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў Расеі, а «фігура Нямцова магла стаць своеасаблівай «сакральнай ахвярай» для тых, хто не грэбаваў ніякімі метадамі ў дасягненні сваіх палітычных мэтаў». Гэта зноў словы Уладзіміра Маркіна. Следчы, як дадае газета «Известия», не спасылаючыся на канкрэтныя імёны, не выключае, што ўсё запланавалі спецслужбы замежнай дзяржавы, магчыма, украінскія, «пра што сведчыць якасць падрыхтоўкі і выканання забойства».

– Вядома, што Нямцоў апошнім часам актыўна наведваў Украіну і сустракаўся там з рознымі палітыкамі і алігархамі, якія прадстаўляюць партыю вайны. Яны маглі перадаць яму сродкі на дэстабілізацыю сітуацыі ў Расеі. На тыя грошы, украінскія алігархі маглі чакаць, адбудзецца раскол у расейскім грамадстве. Тым не менш, разрыву не адбылося. Наадварот, адбылася кансалідацыя расейскага грамадства. Разумеючы, што выніку не дасягнуць, спонсары маглі прыбраць палітыка, які не змог выканаць пастаўленую задачу. 

Гэта зноў жа «Известия» і іх «крыніцы».

ЦРУ ліквідуе агента

Але навошта шукаць вінаватых у Кіеве, калі можна адразу знайсці ў Вашынгтоне? – Ці здольны ценявы ўрад ЗША забіваць сваіх сяброў, агентаў і служачых, калі такія разлічаныя забойства маюць служыць дасягненню яго доўгатэрміновых мэтаў? – Пытаецца партал pravda.ru. І прапануе адказ. Спасылаючыся на «прыклад», якім аўтар палічыў… трагедыю пасажыраў малазійскага самалёту на Данбасе. Мяркуе, што яго збілі, вядома ж, украінцы па загадзе амерыканцаў.

– Калі ЦРУ можа аддаць загад сваім марыянеткам забойства 298 мужчын, жанчын і дзяцей для дасягнення сваіх мэтаў заваёвы свету, ці можа ён забіць свайго агента Нямцова, каб выканаць той жа самы пункт праграмы?

– Расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова, можна было б прыняць за агента Вашынгтона, улічваючы яго шматлікія выступы, – паўтарае тую ж думку англамоўны тэлеканал «Russia Today». Спасылаецца на меркаванне ўласнага эксперта, журналіста Пола Крэйга Робертса.

– Калі Нямцова забіла не ЦРУ, спрабуючы скінуць віну на Пуціна, то, хутчэй, яго забілі расейскія нацыяналісты, якія бачылі ў ім агента Вашынгтона. Пуцін занадта мудры, каб зрабіць падарунак Вашынгтона. Тым больш, што Нямцоў пры ўсіх сваіх гучных заявах, не прадстаўляў ніякай шкоды велізарнай папулярнасці расейскага прэзідэнта, – кажа «незалежны амерыканскі эксперт». Амаль слова ў слова цытуючы меркаванне… прэс-сакратара Крамля. – У палітычным плане ён не ўяўляў ніякай небяспекі. Калі мы параўнаем узровень папулярнасці і рэйтынг Пуціна, цэлага ўраду і г.д., то Барыс Нямцоў быў крыху больш, чым сярэднестатыстычны грамадзянін, – адзначыў на наступны дзень пасля забойства палітыка Дзмітрый Пяскоў.

Пакаранне за немаральны лад жыцця

Але што Пуцін, што Пяскоў… У Расеі ёсць палітыкі, якія агучваюць тое, што думаюць, не азіраючыся на рэйтынгі. Як Аляксандр Берднікаў, губернатар Алтаю. Былы следчы і былы кіраўнік аддзелу забойстваў і генерал-маёр пры гэтым не шкадаваў словаў.

– Як аператыўнік скажу – шукайце жанчыну. Як мужчына: не падзялілі бабу. Як грамадзянін, для якога сям’я з’яўляецца найбольш важнай каштоўнасцю ў жыцці – ноччу вы павінны спаць дома, у сваёй сям’і, з жонкай, у сваім ложку.

Гэта, відавочна, тонкі паліцэйскі намёк на 23-гадовую мадэльку з Кіеву, з якой 55-гадовы Нямцоў правёў апошнія хвіліны жыцця. І ясна, што такую «удзячную» тэму таксама не абмінулі. Яе адразу падхапілі вядомыя спецыялісты скандалаў – журналісты тэлебачання «LifeNews». – Нямцову маглі адпомсціць за аборт, зроблены яго каханкай, – абвясціў сваю ўласную версію забойства, спасылаючыся высокапастаўленыя крыніцы ў сілавых структурах. Зразумела, што крыніца засталася ананімнай.

Стралялі аматары

І гэта ўжо пасавала б наступнай версіі: выканаўцамі былі не прафесіяналы са спецслужбаў, а аматары. Такія думкі агучвалі сярод іншых журналісты «Московского комсомольца» і «Коммерсанта». На карысць гэтай версіі гаварылі нізкая дакладнасць забойцы, а таксама маркіроўка куляў.

– Чалавек, навучаны страляць на паражэнне, ніколі не выпусціць усю абойму. Прычым не мае значэння пра якую зброю вядзецца гаворка. Стральба чэргамі – акурат першая прыкмета непрафесіяналізму. Адсотак трапляння быў уражваючы нізкі. І ў забойцы было шмат часу, каб зрабіць кантрольны стрэл – рэч, абавязковую для прафесіяналаў. Не зрабіў гэтага, што таксама вельмі незвычайна, – падтрымлівае гэтую версію эксперт газеты «Взгляд».

Іншыя каментатары ўзгадваюць, што калі забівае прафесіянал, не пакідае жывога сведку.

Паводле акрэсленага сцэнару

Усяго праз некалькі гадзінаў пасля забойства адзін украінскі блогер заўважыў ажыўленне крамлёўскіх ботаў – з каментарамі пра абставіны смерці Нямцова. Высунуў тады магчымыя сцэнары, згодна з якімі будуць сябе паводзіць дзяржаўныя СМІ і «ольгінскія тролі» (названыя ў гонар сядзібы платных інтэрнэт-каментатараў у Ольгіне пад Санкт-Пецярбургам):

  • Гэта не падобна на почырк спецслужбаў;
  • Для Пуціна не мела сэнсу забіваць «застрэленага лётчыка», якога выкрасліў нават Захад;
  • Нямцова забілі з зайздрасці;
  • Нямцова забілі з зайздрасці «хахлы». Нібы адбіў дзяўчынку ў нейкага ўкраінца, бавіўся з ёй, а яе былы жаніх застрэліў з зайздрасці. «Хахлушка» ужо дае сведчанні.

І той прагноз спраўдзіўся ў такой ступені, што нават сам аўтар здзівіўся. Праз паўгадзіны больш чым на 10 акаўнтах Twitter з’явіліся каментары, што сталі даслоўным цытаваннем апошняга пункту. Са словаў «хахол» і «хахлушка» не прыбралі нават двукосся.

Цэзарый Галіньскі, www.belsat.eu/pl/

[vc_single_image image=”14″ img_size=”large”]

Стужка навінаў