Пра палёт Уладзіміра Пуціна над Смаленскай вобласцю па дарозе на магілёўскі Форум рэгіёнаў Расеі і Беларусі напісала «Смаленская народная газета».
«Лайнер праляцеў над Угранскім, Ельнінскім, Глінкаўскім і Краснінскім раёнамі Смаленскай вобласці, і прызямліўся ў Магілёве а 10:43», – падае выданне.
«Ці разглядаў прэзідэнт Расеі Смаленшчыну з вышыні птушынага палёту – невядома. Аднак жыхары Смаленску адзначылі, што пасля пралёту прэзідэнцкага лайнера надвор’е ў Смаленскай вобласці палепшылася, выглянула сонца, стала цяплей», – працягвае выданне.
Свой матэрыял аўтар – і па сумяшчальніцтву галоўны рэдактар газеты – вырашыў скончыць апытаннем, чаго чытачы чакалі б ад перабывання Пуціна на Смаленшчыне.
Бальшыня тых, хто адказаў (65 %), «не чакаюць нічога добрага». Паляпшэння надвор’я чакае 10 чалавек. Шэсць чалавек задаліся пытаннем, хто піша гэткую лухту.
ДД