Сляпы, якога збілі міліцыянты ў метро, знік пасля затрымання


Справа збіцця і брутальнага затрымання сляпога інваліда ў сталіцы выклікала розгалас у грамадстве. Цяпер узнікла іншае пытанне – куды знік чалавек? Міліцыянты вывезлі невідушчага з метро ў невядомым кірунку. Ні суседзі, ні знаёмыя пасля гэтага яго ня бачылі. Паводле міліцыі, няма яго і ў ізалятары.

Тут, на гэтым месцы каля станцыі метро «Уручча», людзі апошні раз бачылі Змітра, інваліда зроку, які некалькі гадоў запар амаль штодня хадзіў сюды жабраваць у падземным пераходзе.

Інцыдэнт, які адбыўся 18 верасня, ускалыхнуў інтэрнэт-супольнасць.Працаўнікі міліцыі паспрабавалі затрымаць сляпога чалавека, які стаяў у пераходзе. Адзін міліцыянт схапіў інваліда за нагу і пацягнуў яго ўніз па лесвіцы. Людзі кінуліся бараніць мужчыну.

«Вось там як толькі пачынаецца метро, там ён і сядзіць. Бывае з марлей сядзіць, каб не заразіцца. Ну… цудоўны чалавек, цудоўны… У яго сабачка ёсць, Лісам клічуць. Ён яго выгульвае. Бывае стане тут і кліча: «Ліс! Да мяне!» І сабачка бяжыць да яго».

«Ён сядзеў і за «добрае» нешта яму зрабілі «два вока – раскоша».

Жарсці ў інтэрнэце дагэтуль не сціхлі. Да тэмы далучаюцца новыя карыстальнікі сацыяльных сетак, сталі гучаць заклікі да адстаўкі міністра ўнутраных справаў. Следчы камітэт паведаміў, што вядзецца правяранне, падчас якога высветлілася, што нібыта прычынаю затрымання інваліда стала заява нейкага грамадзяніна аб тым, што ён неахайна апрануты. Ёсць заява аб тым, што Зміцер падчас затрымання ўкусіў міліцыянта за руку.

Венёямін:

«Цікава было напісана, што выклікалі міліцыю за ягоны неахайны выгляд. Вось гэта ўжо лухта. Як і заўсёды ў нас, дарэчы. У параўнанні з людзьмі, якія тут жывуць, то можна сказаць, што ён выглядаў заўсёды акуратна – заўсёды чыста апрануты, заўсёды паголены. Я не ведаю, хто яго галіў, але заўсёды бездакорны выгляд ён меў. Заўсёды прыстойна апрануты. Ці то з павязкай, ці то без яе, але заўсёды акуратны. Калі параўнаць з тымі, хто звычайна просіць міласціну, то ён выглядаў не як бомж, а вельмі прыстойна».

Людзі, якія карыстаюцца падземным транспартам, добра ведаюць сляпога на гэтай станцыі. Шмат хто клаў яму грошы, некаторыя з ім нават размаўлялі пра жыццёвыя праблемы.

Сяргей Калошын:

«Ніводнага разу не бачыў, каб ён там нешта вышыбаў у каго. Сядзеў сабе ціхенька. Сам яму даваў грошы і не аднойчы. Думаю, што чалавек не ад добрага жыцця будзе пабірацца. Па сваіх бацьках ведаю, што пенсія не вялікая, надта не разгонішся. А ў інваліда якая пенсія? Не думаю, што ён можа дазволіць сабе нешта залішняе, напрыклад, кавалак мяса».

Суседзі кажуць, што Змітра ніхто не бачыў. У кватэры яго няма. Калі следчыя вырашаць, што інвалід вінаваты ў супраціве міліцыянтам, а гэта могуць быць штуршкі, хапанне за адзенне, удары, укусы, то яго могуць пакараць папраўчымі работамі або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. Не выключана, што Зміцер цяпер у шпіталі, каб следчыя мелі медычнае заключэнне пра ягоны стан здароўя. У Доме міласэрнасці сказалі, што ён быў там на службе ў нядзелю, але больш яго не бачылі. Прозвішча інваліда сказаць адмовіліся.

Невядома, як доўга будзе весціся правяранне. Тым часам за зачыненымі дзвярыма кватэры Змітра яго чакае адзіны верны сябра, маленькі сабачка на мянушку Ліс.

Любоў Лунёва, «Белсат»

Стужка навінаў