Служба бяспекі Украіны затрымала міністарку, якая працавала пры Януковічу


Ва Украіне затрымалі экс-міністарку юстыцыі Украіны Алену Лукаш, якая хавалася ад правасуддзя ў рамках расследавання злачынстваў супраць Майдану, распавяла на спецыяльным брыфінгу прэс-сакратарка СБУ Алена Гітлянская.

Пракурор ГПУ Уладзіслаў Куцэнка дадаў, што Лукаш знаходзілася ў міжнародным вышуку, але яна вярнулася ва Украіну, дзе і была затрыманая, падае hromadske.tv.

Алену Лукаш павезлі ў будынак Генпракуратуры для атрымання паказанняў і працэсуальнага афармлення затрымання.

Пры гэтым прадстаўнікі СБУ адмовіліся адказваць «з аператыўных меркаванняў» на ўсе пытанні з удакладненнямі адносна таго, дзе затрымлівалі экс-міністарку і дзе яна знаходзілася да таго.

Генеральная пракуратура Украіны з траўня 2014-га праводзіць па Лукаш дасудовае расследаванне па падазрэнні ў тым, што яна завалодала бюджэтнымі сродкамі на суму 2 млн 523 тысяч грыўняў (каля $ 110 тыс.).

У чэрвені 2015 Алену Лукаш абвесцілі падазраванай, а ў верасні Служба бяспекі Украіны распачала ейны вышук. Суд арыштаваў тры кватэры ў Кіеве, якія з’яўляюцца ўласнасцю Лукаш.

Экс-чыноўнік падазраецца ў тым, што завалодала дзяржаўнымі сродкамі ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання сваім службовым становішчам у змове з групай асоб, а таксама ў службовым падлогу, які прывёў да цяжкіх наступстваў.

Лукаш у кастрычніку 2013 года, займаючы пасаду міністра юстыцыі, падала ўказанне ўнесці незаконныя змены ў кампютарныя праграмы, якія забяспечваюць функцыянаванне адзіных і дзяржаўных рэестраў. У выніку такіх дзеянняў у працы рэестраў адбыліся збоі, што заблакавала інфармацыю і прывяло да скажэння яе апрацавання, інфармуе unian.ua.

Бі-Бі-Сі падае, што Лукаш ацэньвала Еўрамайдан як «гвалтоўную акцыю», і актыўна падтрымлівала «законы 16 студзеня», прынятыя ўладамі, каб узмацніць ціск на пратэстоўцаў. Гэтыя заканадаўчыя акты, на думку большасці экспертаў, абмяжоўвалі правы грамадзянаў, падавалі органам дзяржаўнай улады большую свабоду дзеянняў у сферы пакарання ўдзельнікаў акцый пратэсту і мелі мэтай крыміналізаваць апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.

Пасля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расею Лукаш таксама пакінула тэрыторыю Украіны.

МЯ, паводле hromadske.tv, unian.ua, bbc.com

Стужка навінаў