Слуцкія паясы ў Оперным: адбылася выстава аднаго вечару


У Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, што ў Менску, можна было пабачыць і патрымаць у руках копіі дванаццаці слуцкіх паясоў ды арыгіналы арнатаў – літургічную вопратку рыма-каталіцкіх святароў XVIII стагоддзя. Выстава аднаго вечару мела і гукавое аздабленне ў выкананні фольк-гурта HardWood.

У фае каля камернай залі, гледачы ўпершыню ўбачылі копіі славутых слуцкіх паясоў, якія дакладна паўтараюць гістарычныя ўзоры. А захоўваюцца яны ў Музеі старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук. Як і два стагоддзі таму, копіі вырабляюць у Слуцку. Паясы ткуцца з сапраўднымі шаўковымі, залатымі і срэбранымі ніткамі.

«Жыццё ідзе, мода мяняецца, але традыцыі і культура павінны мець лагічны працяг і жыць у нашай паўсядзённасці», – кажа Барыс Лазука, дырэктар музею старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук.

Новае жыццё слуцкіх паясоў – гэта плён шматгадовай працы вучоных Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Завяршыўся святочны вечар праглядам шэдэўру нацыянальнага мастацтва, оперы «Сівая легенда» кампазітара Дзмітрыя Смольскага і аўтара лібрэта Уладзіміра Караткевіча.

Ядзя Бурштынава, belsat.eu

Стужка навінаў