Слуцк: прадпрыемства, якое не мае аналагаў у свеце, можа знікнуць


Горад Слуцк – вядомы не толькі «слуцкімі паясамі» ці князёўнай Анастасіяй. Але і… чыгуннымі патэльнямі, што не маюць аналагаў у свеце. Гісторыя іх налічвае не адзін дзясятак гадоў. Што праўда, цяпер экалагічна чысты посуд можа знікнуць, як цвердзяць самыя случчакі, з прычыны непрафесійнасці кіраўніцтва заводу.

Унікальнае ў свеце прадпрыемства «Эмальпосуд», якое знаходзіцца ў Слуцку, у хуткім часе можа знікнуць з мапы Беларусі. Больш за 250 асобаў могуць папоўніць шэрагі беспрацоўных.

Замежнікі не далі рады пераняць тэхналогію

Такой вытворчасці чыгуна, якую выраблялі ў Слуцку, не здолела наладзіць ніводнае прадпрыемства ў свеце. На завод не аднойчы прыязджалі спецыялісты з Заходняй Еўропы, а таксама з Расеі, але паўтарыць якасць так і не змаглі. Аналагаў слуцкага чыгуна не існуе. Справа ў тым, што на заводзе пільна кантралявалі міграцыю бора ў харчовым чыгуне. А саму прадукцыю выраблялі толькі высакакласныя майстры.

«Існуюць працоўныя дынастыі, калі чальцы сямʼі пераймаюць досвед ад сына да бацькі. Усе вельмі ганарыліся гэтым прадпрыемствам, прадукцыяй, якая тут выраблялася», – распавядае Андрэй Казлоўскі, былы кіраўнік аддзелу маркетынгу.

Станкі здаюцца на металалом, каб плаціць заробкі аршанцам

Праблемы пачаліся ў 2007 годзе, калі павысіліся кошты на чыгун, які набывалі ў Расеі. Міністэрства прамысловасці тады не дазволіла часова спыніць завод і ён трапіў у «даўгавую яму». Выкараскваліся самі і пры гэтым пастаўлялі 80% прадукцыі на экспарт. Потым, калі ўвайшлі ў холдынг БМЗ, сталі па-сутнасці забяспечваць заробкі супрацоўнікам Аршанскага завода Легмаш. Сёння ўнікальныя станкі з інструментальнага цэха адзін за адным здаюцца на металалом. Гэтага хапае, каб плаціць заробкі аршанцам.

«Яны (Аршанскае кіраўніцтва – Belsat.eu) ніколі не займаліся экспартам, працавалі выключна на Беларускі рынак, увогуле не валодалі сітуацыяй», – узгадвае Людміла Нанчына, былая супрацоўніца аддзелу забеспячэння.

Замежным інвестарам перашкодзіла карупцыя

Унікальнае прадпрыемства спрабавалі захаваць замежныя інвестары. Польская фірма, згодна з планам поўнай рэканструкцыі, за чатыры месяцы мусіла пабудаваць цэхі, а італьянская – абсталяванне. Іспанцы таксама планавалі пастаўляць абсталяванне, каб мець частку прадукцыі. Але, як толькі інвестары наведалі міністэрскіх чыноўнікаў, жаданне ўкладаць сродкі ў беларускую эканоміку знікла.

Попыт ёсць, але прапановы больш няма

Жыхары Слуцку кажуць, што амаль усе заводы зачынены. Людзі ўсе запытваюць пра славуты мясцовы чыгун. Шмат расейцаў едуць і цікавяцца як купіць гэтыя патэльні, але нічога ўжо няма.

Шмат хто з заводскіх высакакласных спецыялістаў уладкаваўся на працу ў «лецейку» на «Беларуськаліі» у Салігорску. Але гэта тое самае як ювелір пайшоў бы забіваць цвікі. У Беларусі няма ніводнай вучэльні, дзе б рыхтаваліся кадры для Слуцкага завода. Старыя майстры гадамі перадавалі сакрэты прафесіі моладзі.

«Замежнікі намагаліся адліваць нашую патэльню, але ні ў каго гэта не атрымлівалася. Людзі вельмі шкадуюць, бо калектыў быў вельмі згуртаваны», – тлумачыць унікальнасць заводу Людміла Нанчына.

Завод быў пабудаваны ў 1923 годзе. Перажыў вайну, выстаяў у ліхія 90-ыя, але не вытрымаў ператрубацый «квітнеючай эканомікі». Сёлета завод цалкам размарозілі – знялі трубы і батарэі. Яшчэ да апошняга часу захоўвалася ўнікальная какільная аснастка, якую так і не здолелі наладзіць у сябе замежныя прадпрыемствы. Але і яе адправілі на металалом. Сітуацыю яшчэ можна ўратаваць, калі тэрмінова прызначыць разумнага кіраўніка і ўкласці сродкі для аднаўлення вытворчасці. Але ці цікавіць гэта сённяшняе кіраўніцтва?

Любоў Лунёва, Белсат, фота – kurjer.info

Стужка навінаў