«Словы могуць зраніць і забіць». Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да Алексіевіч


Тадэвуш Кандрусевіч лічыць, што тэарэтычную сітуацыю, якую дапусціла пісьменніца, уявіць у Беларусі немагчыма.

«З вялікім смуткам і трывогай успрыняў Вашыя словы», – напісаў у адкрытым лісце вышэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч да Нобэлеўскай лаўрэаткі пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

Нагодай для звароту стаў эфір расейскага недзяржаўнага тэлеканалу «Дождж», у якім Святлана Алексіевіч сказала пра магчымасць арганізацыі Расеяй грамадзянскай вайны ў Беларусі.

«Дайце ў Беларусь танкі, зброю – і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна», – сказала Алексіевіч.

Гэтыя словы выклікалі буру абураных, здзіўленых ці здзеклівых каментароў у беларускай блогасферы.

Рашуча не пагадзіўся з імі каталіцкі арцыбіскуп.

«З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць у Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету», – гаворыцца ў лісце.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адзначыў, што пагаджаецца з думкай Нобэлеўскай лаўрэаткі пра пашкоджанасць чалавечай прыроды, аднак падкрэсліў, што чалавек можа супрацьстаяць спакусам і выклікам часу.

Таксама арцыбіскуп нагадаў, што публічная асоба павінна памятаць пра адказнасць за свае словы, якія некаторыя асобы могуць успрыняць як заклік да міжканфесійнай варожасці.

«Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы», – напісаў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Менска-Магілёўскую мітрапалію, актыўна выказваецца на блізкія да Касцёла тэмы грамадскага жыцця. Месяц таму ён раскрытыкаваў дзеянні дзяржаўных ідэолагаў у сферы рэлігіі і прапанаваў змяніць закон аб рэлігійных арганізацыях.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў