У Курапатах група ў масках напала на актывiстаў (+відэатрансляцыя)


Больш за 10 асобаў у масках ды з крыкамі «белая раса» напалі на пікетоўшчыкаў каля 4-5 раніцы. Некалькі пратэстоўцаў пацярпелі, журналісту Алесю Кіркевічу разбілі галаву.

Глядзiце запiс жывой трансляцыі на нашай старонцы ў  Facebook.

 Што адбывалася ў Курапатах:

>>>Глядзіце таксама: Ноч і раніца ў Курапатах (ФОТА)

Вядома, што актывісты, якія дзяжурылі ўночы, звярнуліся ў міліцыю з заяваю аб нападзе. Праваахоўнікі ўступна паведамілі, што будуць разглядаць гэтую заяву, як магчымую падставу для завядзення адміністратыўнай справы.

На месцы падзеяў уначы разам актывістамі знаходзіліся рэпартэры «Белсату».

«Тут цяпер больш за 20 чалавек. Стаіць адзін намёт. У бочцы гарыць агонь. Прыязджаюць людзі – прывозяць дровы і ежу. Ёсць гарбата і пячэнькі», – паведамляе з месца дзяжурства актывістаў Алесь Кіркевіч.

Падтрымаць пікетоўшчыкаў прыязджалі лідар БХД Павел Севярынец і бард Андрэй Мельнікаў, пакуль што без гітары. З’явілася ідэя, каб прыязджалі падтрымліваць пратэстоўцаў – з гітарамі, бубнамі. Так будзе і весялей, і цяплей.

Паводле нашага карэспандэнта, на будоўлі працы ідуць і ўначы. Працуе генератар. Актывісты гавораць, што будаўнікі працуюць уночы, каб як мага хутчэй замацавацца на месцы.

Будаўнікі нават залаталі дарогу на падʼездзе да будоўлі. Чакаюць на прыезд старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шораца, які, як мяркуецца, зʼявіцца на днях, каб паглядзець на будоўлю на ўласныя вочы.

Увесь час тут дзяжураць супрацоўнікі ў цывільным. «Іх можна вылічыць па чорных куртках і вастраносых туфлях», – кажа Алесь Кіркевіч.

Яны нікога не чапаюць – працуюць выключна як назіральнікі. У іх ёсць аўта, час ад часу ходзяць туды грэцца.


Далучыцца да пікету на вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску заклікаў грамадзянскі актывіст Зміцер Дашкевіч.

«Для абароны Курапатаў трэба пару актывістаў і адзін стрымер/журналіст. Інакш чалавек 10 буд-амапаўцаў кідаюцца і расцягваюць двух змагароў», – напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

«Магчыма, задума гэтая асуджаная на правал, і будзе там гэты бізнесовы цэнтр. Але ж салідарнасць – гэта ж не за моцнага. Гэта калі гарой за безнадзейнае, здавалася б. Курапаты сёння – гэта магчымасць адчуць самім і даць зразумець чыноўнікам, што Менск – гэта наш горад, што Беларусь – гэта нашая краіна. Так што, тыя хто можа, – давайце па паленцу ў рукі – і на Мірашнічэнка», – заклікала грамадзянская актывістка Вольга Чэкулаева.

Да яе закліку далучыліся і іншыя менчукі:

 

Што адбывалася ў Курапатах цягам дня

Міліцыянты, апранутыя ў службовую форму, замест абароны пацярпелых актывістаў затрымалі аднаго з іх – Паўла Старавойтава, які ў час сутыкнення нібыта ўдарыў па відэакамеры ўмоўна невядомага аператара ў цывільным. А таксама склалі некалькі адміністратыўных пратаколаў супраць актывістаў за блакаванне тэхнікі.

Пра ўзнікненне новага плоту вакол будаўніцтва абвесціў удзень Дзяніс Садоўскі на сваёй старонцы ў Facebook.

«Новы плот ставяць вакол будоўлі каля Курапатаў. Такі зламаць будзе цяжэй :(», – напісаў ён.

Што робяць абаронцы Курапатаў, каб спыніць будоўлю

Актывісты звярнуліся да кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэя Шораца з патрабаваннем спыніць будоўлю і правесці праверку.

«Ёсць шанец, што хаця б на нейкі час будоўля, як і супрацьстаянне, будзе прыпынена, ахвяраў і няшчасных выпадкаў удасца пазбегнуць. У іншым выпадку – Шорац ды іншыя чыноўнікі раздзеляць за гэта адказнасць», – такую заяву на адмысловай старонцы зрабілі абаронцы помніка.

Грамадскія дзеячы ў Сядзібе БНФ на Чарнышэўскага, сёння, 22 лютага, абмяркоўвалі план выратавання гістарычнага помніка.

Дакументы на арэнду зямлі пад будоўлю былі атрыманая, паводле Эдуарда Пальчыса, калі зямля яшчэ знаходзілася ў ахоўнай зоне. Не было правільна аформленых папераў на будаўніцтва, сходу грамадзянаў.

Сталя вядома сёння, што кіраўніцтва ТАА «Белрэканструкцыя» звярнулася з заявай аб нанясенні стратаў іх маёмасці. Прэсавы сакратар менскай гарадской міліцыі Аляксандр Ластоўскі абверг інфармацыю пра тое, што нібыта распачатая крымінальная справа паводле заявы кіраўніцтва ТАА «Белрэканструкцыя» аб нанясенні маёмасці арганізацыі стратаў з боку грамадскіх актывістаў.

Урочышча «Курапаты» стала сімвалам барацьбы за незалежнасць Беларусі супраць камуністычнай ідэалогіі.

ХХ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары