Звольнілі за паленне і... мыццё ў душы. Як ідэолагі і начальства знішчаюць «маленькага чалавека»


Міхаіл Сошка – слесар шостага разраду, які да нядаўняга часу працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы. Прапрацаваў на сваім месцы рабочы без малага 30 год, да пенсіі, лічы, зусім «нічога» – тры гады. Але раптоўна пачаліся праблемы праз чалецтва ў Незалежным прафсаюзе РЭП. Спачатку выклікаў ідэолаг ды юрыст прадпрыемства, пасля – начальнік… Калі не падзейнічала – працаўніка вырашылі выкінуць на вуліцу.

Абласны суд разбярэцца?..

Фармальна Міхаілу не працягнулі кантракт. Але калі працоўнаму застаецца да пенсіі тры гады і менш, паводле закону, кантракт мае быць працягнуты да выхаду на заслужаны адпачынак пры ўмове адсутнасці спагнанняў і парушэнняў. Таму і давялося «прыплесці» спачатку паленне ў неналежным месцы, пасля – «незаконнае» мыццё ў душы пасля бруднай працы.

Пасля звальнення Сошка пачаў судзіцца з прадпрыемствам. Спачатку на мясцовым узроўні, зараз – на абласным. Прафсаюзны актывіст меў спадзяванні, што слонімскі суд знаходзіцца пад ціскам мясцовай улады, а вось абласны ўжо разбярэцца і апраўдае. Выйшла інакш: рашэнне аб звальненні суддзі пакінулі ў сіле.

«А Сошка адзін на прадпрыемстве паліць?»

Юрыст прадпрыемства Таццяна Нарута не бачыць у звальненні нічога асаблівага:

«Наймальнік зразумеў, што гэты працоўны не бездакорны, таму і скарыстаўся са свайго права не падаўжаць кантракт. Дарэчы, з Сошкам былі і яшчэ нейкія моманты, якія не дайшлі да дысцыплінарных спагнанняў…»

Якія канкрэтна «моманты» мела на ўвазе Нарута, так і засталося таямніцай. Нават суддзя час-почас суправаджаў адказы прадстаўніка прадпрыемства саркастычнымі рэплікам, кшталту: «А ў вас што, адзін Сошка на прадпрыемстве паліць?» або «Чым усё ж такі Сошка аж так вызначыўся?»

«Памыцца дазволіў начальнік, але пасля збаяўся пра гэта сказаць»

Міхаіл Сошка, слесар па рамонце газазварачнага абсталявання, лічыць усе абвінавачванні надуманымі: «Калі б я паліў там, дзе я працую – мяне б адразу выгналі, бо гэта вельмі небяспечна: я працую з газам. Такога не было. Мне закідаюць, што я памыўся пасля бруднай працы з фарбай, пра якую мяне папрасіў начальнік, але і памыўся ж я з дазволу начальніка пасля. Толькі ён збаяўся пра гэта сказаць пасля…»

Інцыдэнт з «незаконным» душам адбыўся, калі начальства папрасіла выканаць дадатковую працу, звязаную з фарбаваннем. Памыцца можна было толькі пасля змены, але працаўнікі адпрасіліся раней, каб не хадзіць увесь дзень бруднымі. Атрымалі вусны дазвол. На паперы ж Сошка апынуўся ледзь не прагульшчыкам, які ў працоўны час пайшоў па сваіх прыватных справах.

Журнал, дзе фіксуюцца падобныя парушэнні, на подпіс парушальніку не даецца пасля інцыдэнту. То бок працоўны можа нават не ведаць, якія запісы і калі там з’яўляюцца.

«Вертыкалі захацелася пазбавіцца ад чалавека»

«Суду абсалютна ўсё адно на закон і прафсаюзы, – тлумачыць юрыст РЭП Юры Белякоў, прысутны на паседжанні, – Вертыкалі наўпрост захацелася пазбавіцца ад чалавека і яны гэта зрабілі. Мы бачым яскравы прыклад дыскрымінацыі на падставе чалецтва ў незалежным прафсаюзе і будзем агучваць гэта на міжнародным узроўні».

Юрыст таксама адзначыў, што выганяць кваліфікаванага спецыяліста, замест якога трэба будзе шукаць і рыхтаваць новага – гэта глупства і безгаспадарлівасць. Яшчэ ў судзе Белякоў акцэнтаваў увагу на тым, што іншыя працоўныя, заўважаныя з падобнымі парушэннямі, працуюць і зараз.

Перспектыва – перабівацца выпадковымі заробкамі

На пытанне, як учорашні слесар збіраецца жыць цяпер, Міхаіл адказвае не адразу. З яго словаў, у Слоніме зараз няма працы, асабліва для чалавека яго ўзросту ды з такім «заплеччам». Таму давядзецца перабівацца выпадковымі заробкамі.

Агулам у незалежных прафсаюзах у Слоніме зараз налічваецца ўсяго 15 чальцоў. З іх трое на камвольна-прадзільнай фабрыцы.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў