Следства вядуць знатакі: абвінавачанаму па справе, якую «расследаваў» Лукашэнка, далі 21 год турмы


Сёння Вярхоўны суд вынес прысуд Юрыю Іванову, якога абвінавачвалі ў забойстве Святланы Паддубскай. Іваноў атрымаў 21 год турмы і абавязаны сплаціць кампенсацыю памерам 300 тысячаў рублёў сваякам загінулай.

Гэтая справа ўжо разглядалася раней, тады ў 2010 годзе Магілёўскі абласны суд апраўдаў Юрыя Іванова і вызваліў яго ў залі суда. Мужчына з’ехаў жыць у Піцер, дзе яго затрымалі ў жніўні 2017 года. Аказалася, бацька Святланы Паддубскай усе гэтыя гады звяртаўся ў розныя інстанцыі, каб апраўдальны прысуд адмянілі, а Іванова пакаралі. Пенсіянер дайшоў да кіраўніка краіны. Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца ў крымінальнай справе.

«І мне давялося прымаць рашэнне асабіста для таго, каб зноў да крымінальнай справы (…) Я сеў і сам за суткі вывучыў яго і даў каманду пракурору і старшыні КДБ – чаго б ні каштавала расследаваць гэтую крымінальную справу», – казаў у лютым Лукашэнка.

У хуткім часе пракуратура зноў адкрыла крымінальную справу, рашэнне Магілеўскага абласнога суда скасавалі, а справу адправілі на пераразгляд у Вярхоўны суд.

Падчас паседжанняў бацька пацярпелай настойваў на смяротным пакаранні для Іванова. А вось на думку маці Юрыя Іванова, да забойства Святланы могуць быць датычныя сваякі людзей, якім яна прадавала БАДы (біялагічна актыўныя дадаткі), абяцаючы вылечыць рак на апошняй стадыі. Жанчына не выключае, што і сама можа звярнуцца да кіраўніка краіны.

«Мой сын не забойца! Забілі жанчыну, якая «забівала» сваімі БАДамі. І я не разумею, чаму прэзідэнт абараняе яе, не разумею, чаму сын павінен несці за гэта адказнасць. Ён ні ў чым не вінаваты, у гэтым упэўненая я і ўсе людзі, якія яго ведаюць», – казала ў судзе Святлана Іванова.

Але пракурор настойваў на абвінавачвальным прысудзе, тлумачыў гэта тым, што ў Іванова адсутнічае алібі, ён таксама не прайшоў дэтэктар хлусні адразу пасля затрымання. Адбіткі пальцаў Іванова былі выяўленыя на бутэльцы гарэлкі і кубку, якія стаяў у спальні жанчыны, таксама пад пазногцямі Паддубскай выяўлены біялагічны матэрыял абвінавачанага, а яго кроў – у мыйцы.

«Высокі суд, асудзіць чалавека на 22 гады, таму што хтосьці спрабуе замаскаваць свае прамашкі, будзе няправільна. З майго пункту гледжання злачынства не раскрытае. Тут вельмі шмат пытанняў. Каля катэджа бачылі жаночыя сляды на снезе, чаму ніхто не правяраў, каму яны належаць? На канфіскаванай вопратцы Іванова няма нідзе крыві, а пры такім жорсткім забойстве гэта нерэальна. Напісаў чалавек яўку з павіннай, усё ўзрадаваліся і больш нічога не правяралася», – казала ў судзе адвакатка.

Яшчэ ў лютым, калі вінаватасць Іванова не была даказаная, калі яшчэ не быў адменены апраўдальны прысуд, Лукашэнка ўжо страшыў усіх датычных да гэтай справы.

«Зараз мы з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў следства, хто выносіў апраўдальны прысуд і бок абвінавачвання знойдзем. Усіх у адзін кошык і мы з іх спытаем», – казаў Лукашэнка.

І вось прысуд – 21 год турмы, кампенсаваць 300 тысячаў рублёў сваякам ахвяры. Толькі вось што суд прыняў пад увагу, калі выносіў рашэнне: вычарпальныя доказы ці пагрозы з боку кіраўніка краіны?

ГА, belsat.eu паводле TUT.BY

Стужка навінаў