Следства па крымінальнай справе Алеся Міхалевіча працягнулі яшчэ на месяц


Расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдата на прэзідэнцтва Беларусі Алеся Міхалевіча зноў падоўжанае. Палітык да гэтага часу знаходзіцца пад следствам паводле справы «Аб масавых беспарадках» 19 снежня 2010 года.

«Следчы па тэлефоне паведаміў, што маё следства працягнулі на адзін месяц. Так што для Беларусі яшчэ не час на новую палітыку. Яшчэ адзін месяц я ў статусе абвінавачанага», – паведаміў Алесь Міхалевіч на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» 16 лютага.

Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага 2011 года яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.

У сакавіку таго ж года Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта пагрозай «рэальнай фізічнай расправы» і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. У ліпені 2012 года апазіцыйны палітык атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што ён выключаны з цэнтральнай базы дадзеных Інтэрполу.

Міхалевіч не раз заяўляў, што хоча вярнуцца на радзіму, але ягонаму вяртанню перашкаджала крымінальная справа аб масавых беспарадках. 8 верасня2015 года ён усё ж вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Пасля вяртання Міхалевіч адразу ж падаў ва ўпраўленне Следчага камітэту па Менску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ужо закрытая, аднак атрымаў адмову.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў