Следчыя цікавіліся ў Міхалевіча, чаму ён уцёк з-пад падпіскі аб нявыездзе


Алесь Міхалевіч пабываў на «ветлівым» допыце, які цягнуўся 1,5 гадзіны.

«Гэты допыт, я думаю, быў збольшага фармальнасцю. Мяне сёння дапыталі, задалі каля дзесяці пытанняў. У тым ліку – чаму я з’яжджаў з Беларусі, чым гэта было выклікана і г.д. Усё адбывалася цалкам у законным фармаце. Больш за тое, з маіх слоў паказанні запісваліся на беларускай мове. Скажам так: да фармальнай часткі таго, што адбывалася, ніякіх прэтэнзіяў прад’явіць немагчыма. Следчы таксама паводзіў сябе ветліва, культурна, у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам», – паведаміў «Радыё Свабода» Алесь Міхалевіч.

Была кандыдат на прэзідэнцтва заявіў хадайніцтва паглядзець папярэднія пратаколы допытаў, каб узгадаць, што ён гаварыў на допытах 4,5 гады таму. Следчыя паабяцалі патэлефанаваць на наступным тыдні і сказаць, ці можна будзе азнаёміцца з пратаколамі.

Статус абвінавачанага Алесю Міхалевічу па-ранейшаму пакінулі. Ён быў затрыманы ў ноч 20 снежня 2010 года, пасля разгону Плошчы. Два месяцы знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, пасля чаго яго выпусцілі. Зрабіў гучную заяву пра катаванні ў следчым ізалятары. Таемна пакінуў краіну і з’ехаў у Чэхію, дзе атрымаў палітычны прытулак. 8 верасня 2015 года Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары