Следчы камітэт знайшоў фірму, якая дапаможа ўзломліваць любы смартфон


Усяго за $ 30 тыс. беларуская кампанія абавязалася распрацаваць праграму, што дазволіць узломліваць сучасныя смартфоны, у тым ліку iPhone і BlackBerry.

Вызначаны пераможца тэндэру, які абвесціў Следчы камітэт: праваахоўнікам патрэбны апаратна-праграмны комплекс, які дазволіць капіяваць інфармацыю з мабільных прыладаў, у тым ліку з самымі абароненымі ад узлому сістэмамі Apple iOS ды BlackBerry.

У тэндэры бралі ўдзел дзве кампаніі – «ІнфаВерытас» і «АйПі ТэлКам». Цягам адной гадзіны кошт апаратна-праграмнага забеспячэння знізіўся з Br 955 млн да Br 631 млн. Перамагала кампанія «АйПі ТэлКам», якая спецыялізуецца на прадстаўленні доступу да Інтэрнэту ды перадачы дадзеных.

Патрабаванні Следчага камітэту да распрацоўніка вельмі шырокія. Комплекс павінен даваць доступ да ўтоеных і выдаленых дадзеных на мабільных гаджэтах, а таксама дапамагаць у вызначэнні карыстальніцкіх кодаў доступу і блакавання. Сярод задач пералічаныя здабыванне змесціва памяці, выманне структуры файлавай сістэмы і фізічнае (пабітавае) выманне інфармацыі з модуляў унутранай памяці.

Комплексу неабходная сумяшчальнасць з усімі папулярнымі мабільнымі аперацыйнымі сістэмамі – iOS, Android, Windows Mobile і іншымі (усяго не менш як 17 135 мадэляў прылад). Таксама ён павінен мець інтэрфейс і парады для карыстальніка на расейскай мове і пастаўляцца ў камплекце з «адаптарам кітайскіх тэлефонаў для аўтаномнага капіявання (здыму) інфармацыі».

Сучасныя сістэмы абароны інфармацыі часцяком не па зубах нават спецслужбам ЗША. Гэтак ФБР безвынікова дамагалася ад Apple дапамогі ва ўзлому айфона тэрарыста, які забіў 14 асобаў у Каліфорніі ў 2015 годзе.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў