Следчы камітэт выставіў абвінавачанні лідарам прафсаюзу РЭП


Прафсаюзных дзеячаў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі.

«Яны хочуць заблакаваць працу прафсаюзу, каб зрабіць прафсаюз паслухмяным, каб ён дзейнічаў згодна з тым, што нехта там наверсе прыдумаў. На жаль, Следчы камітэт ці ўлады не разумеюць, што гэта стварае Беларусі нядобры імідж за мяжой», – заявіў у каментары «Белсату» прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня мінулага году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы.

«Відавочна, гэта была спланаваная акцыя, помста за нашу дзейнасць і пазіцыю цягам вясновых пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Натуральна, доказная база ў справе адсутнічае, абвінавачванні не маюць абгрунтавання», – каментаваў тады вобшукі Генадзь Фядыніч.

Паводле гэтага ж артыкулу (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 годзе на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі праваабаронцу Алеся Бяляцкага.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў