Следчы камітэт выпусціў рэдактарку TUT.BY. Стрым


Publiée par «Белсат» sur Jeudi 9 août 2018

Рэдактарку TUT.BY Галіну Уласік выпусцілі са Следчага камітэту (СК). Уласік затрымалі 7 жніўня, а ў СК яна сёння знаходзілася на допыце.

Уласік распавяла журналістам, што дала падпіску аб неразгалошванні. Падпіску аб нявыездзе з яе не бралі. Яна застаецца ў статусе падазраванай па «справе БелТА».

«Яны выграблі ўсё, што было ў доме», – распавяла пра ператрус у сваёй кватэры Галіна Уласік. Праваахоўнікі забралі сім-карты, флэшкі, тэлефоны і ноўтбукі. Большасць тэхнікі ёй пры вызваленні вярнулі.

«Заўтра, мабыць, выйду на працу. Таму што людзей у рэдакцыі, мяркуючы па ўсім, не засталося», – дадала яна.

Рэдактарка TUT.BY таксама падзякавала ўсім за падтрымку.



7 жніўня Галіна Уласік мела прыйсці ў офіс і заступіць на дзяжурства. Пазней стала вядома, што раніцай да яе прышлі з ператрусам працаўнікі Следчага камітэту. Пасля ператрусу рэдактарку затрымалі. Да сённяшняга дня яе ўтрымлівалі ў менскім ізалятары на Акрэсціна.

Нагадаем, што 7 і 8 жніўня ў офісах TUT.BY, БелаПАН адбыліся ператрусы. СК расследуе крымінальную справу (арт. 349) аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Паводле афіцыйнай версіі, карыстальнікі платнай падпіскі БелТА паскардзіліся на перабоі ў працы – кіраўніцтва дзяржаўнага агенцтва звярнулася ў міліцыю. Неўзабаве пасля гэтага пачаліся затрыманні журналістаў і ператрусы.

7 жніўня былі затрыманыя 10 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН.

8 жніўня СК затрымаў 3 журналістаў парталу Realt.by (Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская) і галоўнага рэдактара гэтага выдання Уладзіслава Кулецкага, а таксама рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава і карэспандэнта «Deutsche Welle» Паўлюка Быкоўскага.

9 жніўня Следчы камітэт затрымаў галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары