Новыя звесткі пра загінулую ў гандлёвым цэнтры: ёй было 43 гады


На месцы здарэння ў ГЦ «Еўропа». Фота sk.gov.by

Следча-аператыўная група працягвае працаваць на месцы здарэння ў гандлёвым цэнтры «Новая Еўропа» ў Менску, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту. Ход расследавання крымінальнай справы ўзяты на асабісты кантроль старшынёй Следчага камітэту Іванам Наскевічам.

Следства папярэдне высветліла, што 8 кастрычніка блізу 17:30 малады чалавек зайшоў у гандлёвы цэнтр з чахлом для музычнага інструмента, з якога дастаў бензапілу. З бензапілой ён на накінуўся на 43-гадовую жанчыну, якая памерла на месцы здарэння. Паведамлялася, што гэта працаўніца адной з крамаў у гандлёвым цэнтры, якая выйшла з працоўнага месца па набыткі.

Потым з чахла ён дастаў сякеру, з дапамогай якой прычыніў цялесныя пашкоджанні яшчэ адной жанчыне, ёй 46 гадоў. Яна шпіталізаваная, ёй аказваецца неабходная медычная дапамога.

17-гадовы маладзён быў затрыманы міліцыянтамі з дапамогай работнікаў гандлёвага цэнтру.

У дачыненні да непаўналетняга менчука распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае пры абцяжвальных абставінах). Цяпер хлопца дапытваюць следчыя, усталёўваецца ягоны псіхічны стан.

МЯ, паводле sk.gov.by

Глядзі таксама
Каментары