Следчы камітэт РФ завочна арыштаваў расейца, які ваюе на баку ўкраінцаў на Данбасе

video

Аляксандр Валаў

Аляксандра Валава абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Правым сектары» (у Расеі арганізацыя лічыцца экстрэмісцкай і забароненая – заўвага belsat.eu). Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэту Расеі.

Паводле следства, не пазней 2014 году Валавы, «які падтрымлівае радыкальныя погляды, а таксама ідэі фашызму і нацыяналізму», выехаў з Расеі ва Украіну. Там ён уступіў у шэрагі «Правага сектара», прымаў удзел у мерапрыемствах арганізацыі і прапагандаваў яе дзейнасць у інтэрнэце.

Валаў, паводле СКР, цяпер ваюе ў складзе батальёна «Азоў» «за грашовае ўзнагароджанне». СКР распачаў у дачыненні да яго справу за найміцтва.

СКР прыняў рашэнне заключэння Валава пад варту завочна.

У верасні за ўдзел у «Правым сектары» завочна арыштавалі і аб’явілі ў міжнародны вышук трох расейцаў-актывістаў: Ігара Чудзінава, Георгія Стоцкага і Арцёма Скарападскага.

У Беларусі пакуль што судзілі толькі дваіх наймітаў, якія паехалі ваяваць на баку ЛДНР. 26 верасня Віцебскі абласны суд пакараў 29-гадовага Аляксея Яршова з Паставаў 2 гадамі хатняй хіміі паводле ч.1 арт. 361-3 – удзел у баявых дзеяннях за мяжой. 16 лістапада жыхара Рэчыцы Віталя Мітрафанава пакаралі 2 гадамі «хіміі» за ўдзел у ваенных дзеяннях на Данбасе.

Многія беларусы-баевікі ЛДНР давалі інтэрв’ю журналістам ужо па вяртанні ў Беларусь. Паводле інфармацыі belsat.eu, ніхто з тых, хто публічна ў СМІ прызнаваўся ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны на баку ЛДНР потым не зазнаў крымінальнага пераследу ў Беларусі.

ДР belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары