Следчы камітэт распавёў пра крымінальную справу супраць удзельніка Плошчы-2010


Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова распавяла пра цікавасць праваахоўнікаў да Уладзіміра Кондруся.

«Следчым камітэтам расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся, які браў удзел у масавых беспарадках у 2010 годзе. Вывучаюцца ўсе акалічнасці», – заявіла Юлія Ганчарова.

Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што ў СІЗА №1 у Менску пад вартай знаходзіцца жыхар пасёлка Рудзенск, якога падазраюць ва ўдзеле ў масавых закалотах на Плошчы-2010. Паводле звестак «Вясны», мужчына абвесціў доўгатэрміновую галадоўку.

Чытаць таксама >>>> Новы фігурант справы пра Плошчу-2010? Падрабязнасці

Мяркуецца, што Уладзіміра Кондруся, 1977 года нараджэння, узялі пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому Урада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе.

Праваабаронцы сцвярджалі, што Уладзімір Кондрусь абвінавачваецца па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Каментар Юліі Ганчаровай ускосна пацвярджае гэтую версію.

Па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу ў 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, шмат з іх – з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны.

НМ, belsat.eu, паводле «Наша ніва»

Стужка навінаў