Следчы камітэт распавёў дэталі справы бацюшкі-сутэнёра


На сайце Следчага камітэту Беларусі зʼявілася новая інфармацыя наконт затрымання ў Віцебску расейскага бацюшкі, якога вінавацяць у сутэнёрстве.

Як паведамляюць у СК, Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэту расследуецца крымінальная справа ў дачыненні да грамадзяніна Расеі, па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.14, ч.2 арт.171 Крымінальнага кодэксу (замах на арганізацыю і выкарыстанне занятку прастытуцыяй iншай асобай, спалучаныя з вывазам за межы дзяржавы асобы для заняцця прастытуцыяй).

«Устаноўлена, што жыхар Ленінградскай вобласці, 1978 г.н., знаходзячыся на тэрыторыі Віцебска, шляхам угавораў і абяцанняў спрабаваў арганізаваць вываз у Санкт-Пецярбург для занятку прастытуцыяй дзвюх жыхарак Віцебска. Давесці свой намер да канца ён не змог, бо 3 жніўня пасля 17 гадзін быў затрыманы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Падазраванага разам з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі затрымалі ў раёне аўтавакзалу ў Віцебску ў момант пасадкі ў аўтобус, які накіроўваўся ў горад Санкт-Пецярбург», – паведамляюць у СК.

Цяпер следчыя праводзяць першапачатковыя следчыя дзеянні і будуць хадайнічаць аб прымяненні да бацюшкі меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Імя затрыманага ў СК не агучваюць, але адзначаюць, што сам ён называе сябе святаром з Ленінградскай вобласці.

Раней расейскія СМІ паведамлялі, што бацюшка з храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградскай вобласці Мікалай Кірэеў быў затрыманы нібыта пры штурме прытону з прастытуткамі ў Віцебску. У РПЦ прызналі, што ў Віцебску затрымалі менавіта святара Мікалая Кірэева.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў