Следчы Камітэт распачаў крымінальную справу з нагоды пажару на «Беларуськаліі» ў Салігорску


Крымінальная справа распачатая па факце парушэння правілаў пажарнай бяспекі, што спрычыніла ўзнікненне пажару і нанесла прадпрыемству шкоду ў буйным памеры.

Інцыдэнт здарыўся ўначы 22 траўня. У выніку пажару знішчаны склад «Беларуськалію», пашкоджаная канвеерная стужка ды металёвыя канструкцыі будынку.

Цяпер прапрацоўваюцца розныя версіі здарэння. Паводле адной з іх, прычынай пажару з’яўляецца невыкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі пры правядзенні агнявых і зварачных прац на аб’екце. Следчыя дапытваюць сведкаў, працаўнікоў і службовых асобаў, адказных за выкананне правіл бяспекі.

Гэта не першае здарэнне на прадпрыемстве. Раней абрушэнне металаканструкцый на прамысловай пляцоўцы 4-га рудаўпраўлення «Беларуськалія» прывяло да спынення падачы руды.

Яшчэ адно надзвычайнае здарэнне, гэтым разам са смяротным зыходам, мела месца ў адной з шахтаў. На глыбіні 420-ці метраў адбылося раптоўнае ўзмоцненае вылучэнне метану, норма якога перавысіла дапушчальную ў 10 разоў. У выніку загінуў крапільшчык.

ДР, belsat.eu

Фота з сацыяльных сетак і sk.gov.by

Стужка навінаў