Следчы камітэт распачаў справу па факце самападрыву ў Бабруйску


Мужчына 59 гадоў падарваў сябе ля крамы вечарам 1-га лютага. Па папярэдняй версіі, ён быў хворы на рак.

Здарэнне адбылося а 21-й гадзіны ля крамы «Корзинка» на вуліцы Батава.

«Гэта мужчына 59 гадоў. Мяркуецца, ён быў інвалідам 2-й групы. Цяпер следчыя правяраюць, ці стаяў ён на ўліку у псіха- альбо наркадыспансэры. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў хворы на анкалогію», – распавялі Еўрарадыё ў Следчым камітэце Магілёўскай вобласці.

Паводле звестак «Бабруйскага кур‘ера», загінулы працаваў у Аўтапарку, адкуль быў звольнены.

У яго засталіся жонка і дзіця.

Паводле непацверджанай інфармацыі ад мясцовых жыхароў, на месцы здарэння была знойдзеная чэка ад гранаты, перадае карэспандэнт Belsat.eu.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Прадаўцы крамы кажуць, што загінулы набыў дзве бутэлькі гарэлкі і адну віна, а таксама мандарыны. Пры гэтым папрасіў прадаўца адкрыць адну бутэльку і прапанаваў выпіць з ім. Як зазначыла ў размове з газетай «Вечерний Бобруйск» супрацоўніца крамы, мужчына сказаў, што яму «ужо ўсё роўна».

Таксама прадаўцы кажуць, што мужчына доўга глядзеў на купюру ў 200 тысячаў рублёў і не мог зарыентавацца, на што яе хопіць. Саміх прадаўцоў крамы зараз няма ў горадзе – так загадчыца крамы сказала нашаму карэспандэнту.

Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 295 (набыццё і захоўванне выбуховага прыстасавання) Крымінальнага кодэкса РБ.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў