Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу праз збіты самалёт Іл-20 у Сірыі


Паводле якога артыкулу расследуецца справа крушэння Іл-20, не паведамляецца.

Следчыя і крыміналісты ўжо працуюць на месцы здарэння разам з прадстаўнікамі Мінабароны РФ. Яны высвятляюць акалічнасці і прычыны інцыдэнту. Пра гэта гаворыцца на сайце ведамства.

У выніку крушэння загінулі 15 вайскоўцаў.

Падчас прэс-канферэнцыі Уладзімір Пуцін патлумачыў гібель ІЛ-20 «ланцугом трагічных выпадковых абставінаў».

Расейскія медыі, у прыватнасці НТВ, называюць збіццё летака правакацыяй. Нібыта хтосці спрабуе сарваць замірэнне пасля таго, як Пуцін і Эрдаган дамовіліся пра мір у Эдлібе.

Яшчэ адна інтэрнэт-газета dni.ru, спасылаясь на інфармацыю з сеціва, піша, што экіпаж расейскага самалёта мог памыліцца сам.

«Сірыйскія Сілы СПА, выявіўшы на радарах групу чужых самалётаў, якія знаходзяцца прыкладна ў 80-ці кіламетрах ад берага, адразу ж ўзялі іх у прыцэл. Электроніка зафіксавала цэлі і выпусціла F-16 ракету. Верагодна у момант старту ў зоне яе дзеяння заляцеў расейскі самалёт.

Сістэма «свой-чужы», якая абараняе расейскія самалёты ад комплексу С-200, у паветры ўжо не працуе: яна апазнае мэты да запуску ракеты. Экіпаж расейскага самалёта, абсталяванага РЛС бакавога агляду, інфрачырвоным сканарам і аптычнымі датчыкамі, з вялікай доляй верагоднасці бачыў на экранах радараў, што ў яго бок ляціць ракета, але зрабіць ужо нічога не мог. Некалькі секундаў вайскоўцы з жахам назіралі, як з хуткасцю 4000 кіламетраў у гадзіну да іх набліжаецца смерць».

Міністр абароны Шайгу папярэдзіў, што Расея пакідае за сабой права на крокі ў адказ. Паводле Пуціна, гэта будуць крокі, якія заўважаць ўсё.

Цяпер расейскія вайскоўцы працягваюць падымаць абломкі Іл-20 і фрагменты цел загінулых.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў