Следчы камітэт пра затрыманне жабрака: Ён хуліган і не глуханямы


Міліцыянты сцвярджаюць, што ўвечары 18 верасня да супрацоўнікаў УУС па ахове Менскага метрапалітэна «паступілі скаргі ад грамадзянаў на мужчыну неахайнага выгляду», які прасіў міласціну ў падземным пераходзе станцыі метро «Уручча». 

Гэты інцыдэнт атрымаў вялікі грамадскі рэзананс. Супрацоўнікі міліцыі спусцілі са сходаў інваліда, які прасіў міласціну. Прычым цягнулі яго за нагу. За жабрака заступіліся людзі. У інтэрнэце з’явілася відэа гэтага здарэння і мноства каментароў з рэзка негатыўнай ацэнкай дзеянняў міліцыянтаў.

Чытайце таксама >>> Жорсткасць, перавышэнне паўнамоцтваў ці звычайнае беззаконне?

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, мужчына адмовіўся падпарадкавацца законным патрабаванням праваахоўніка і пачаў нецэнзурна лаяцца, абражаць міліцыянта і пагражаць яму. Калі дзяжурны нарад дастаўляў грамадзяніна ў пакой міліцыі для разбору, той актыўна супраціўляўся: кусаў супрацоўнікаў міліцыі за рукі, ударыў аднаго з іх у твар, спрабаваў наносіць удары нагамі і пашкодзіў абмундзіраванне. Каб прыцягнуць увагу людзей, ён дэманстраваў ілжывую бездапаможнасць і немагчымасць самастойна хадзіць.

У хадзе першапачатковых следчых дзеянняў выявілі, што 41-гадовы нарадзінец Менску неаднаразова быў пад судом, у тым ліку за маёмасныя злачынствы, а таксама злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Рэгістрацыі не мае, трэба жыве ў сваякоў, цягам некалькіх гадоў займаецца жабрацтвам, выдае сябе за інваліда слыху і маўлення.

У дачыненні мужчыны без пэўнага месца жыхарства і роду заняткаў заведзеная крымінальная справа аб супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў. З падазраваным цяпер праводзяцца следчыя дзеянні ў прысутнасці абаронцы.

У выніку медычнага агляду ў затрыманага не выяўлена цялесных пашкоджанняў, скаргаў на стан здароўя ён не выказваў. Паводле паказанняў затрыманага, ён мае праблемы псіхічнага характару, у сувязі з чым неаднаразова лячыўся ў спецыялізаваных установах. Следства правярае гэтую інфармацыю, прызначаная судовая псіхіятрычная экспертыза, паведамляе belapan.by.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары