Следчы Камітэт не знайшоў міліцыянтаў, якія моцна збілі графіціста Вячаслава Касінерава


Супрацоўнікі спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС зламалі сківіцу Вячаславу Касінераву падчас жорсткага затрымання 11 жніўня летась. Хлопец намагаўся прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці. Крымінальную справу па факце яго збіцця завялі яшчэ напрыканцы лістапада 2015 года. З таго часу папярэдняе расследаванне некалькі разоў прыпынялася. Следчыя сцвярджалі, што вінаватых у збіцці актывіста яны ўстанавіць ня могуць.

У чарговы раз ён атрымаў адказ аб прыпыненні крымінальнай справы.

«У сувязі з не ўстанаўленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці, справа па прыкметам складу злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 149 КК РБ прыпыняецца«, – гаворыцца ў лісце СК.

kasinerau-adkaz-kryminalka

Разам з тым паведамляецца, што «па крымінальнай справе працягваюць праводзіцца аператыўна – вышуковыя мерапрыемствы аператыўнымі службамі ўнутраных спраў. У выпадку ўстанаўлення асобы якая здзейсніла злачынства, вам будзе паведамлена дадаткова».

Хто такія «графіцісты»? Тры партрэты новага пратэсту 

Вячаслава Касінерава разам з Вадзімам Жаромскім і Максімам Пякарскім прызналі вінаватымі ў псаванні маёмасці паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу. У жніўні 2015 года яны намалявалі два графіці – «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе» – на білбордах з рэкламай міліцыі. Жаромскага пакаралі штрафам у 50 базавых велічыняў, Пякарскага – у 40 базавых велічыняў, а Касінерава – у 30 базавых велічыняў.

ДР belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў