«Славянскі базар»: як усё пачыналася


Вядомы амфітэатр у Віцебску будавалі зусім не для «Славянскага базару», а для Усесаюзнага фестывалю польскай песні – пешчанага дзіцяці першага і апошняга савецкага прэзідэнта Міхаіла Гарбачова і тагачаснага кіраўніка Польшчы генерала Войцеха Ярузэльскага. У дзень адкрыцця фестывалю belsat.eu спраўдзіў, як выглядаў прататып «Базару» 27 гадоў таму.

Усесаюзны фестываль польскай песні, пераемнікам якога стаў «Славянскі базар», паспеў адбыцца ўсяго двойчы – у 1988 і 1990. Пастанову пра яго заснаванне прымалі на найвышэйшым узроўні. У савецкія часы Віцебск быў горадам-пабрацімам польскай Зелёнай Гуры, дзе з 1960-х гадоў рэгулярна праходзілі фестывалі савецкай песні. У часы Гарбачова краіны працягвалі сябраваць, і гэтыя пачуцці пастанавілі ўзмацніць. Тады нарадзілася ідэя арганізаваць імпрэзу, на якой савецкія музыкі выконвалі б папулярныя польскія песні.

У інтэрвю газеце «Рэспубліка» Міхаіл Фінберг, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага аркестру Беларусі, заўсёдніка «Славянскага базару», распавядае, што ў 1987 годзе яму раптам даручылі арганізаваць аркестр для выступу на «вельмі вялікім фестывалі»: «Я не ведаў, што мелася на ўвазе, пазней стала зразумела, што гаворка ішла пра першы ў Савецкім Саюзе фестывалі польскіх песень». Фінберг адзначае, што ў магчымасць правядзення фестывалю ў Віцебску не верыў нават тагачасны міністр культуры БССР Юрый Міхневіч, які ў размове з сакратаром Віцебскага абкаму партыі выказваў меркаванне, што фестываль, хутчэй за ўсё, пройдзе ў Менску.

Аднак цэнтр даў каманду, і яе трэба было выконваць. Усяго за 8 месяцаў у Віцебску збудавалі амфітэатр. Мясцовы архітэктар Вячаслаў Бабашкін на хадзе рысаваў чарцяжы і перадаваў іх будаўнікам, па дарозе кансультуючыся з Фінбергам, колькі месцаў мае быць у зале.

«Першы Усесаюзны фестываль польскай песні прайшоў на найвышэйшым узроўні. У Віцебск прыехала шмат гасцей. Віншаванні даслалі самі Ярузэльскі і Гарбачоў. Усё гэта выглядала вельмі сурёзна», – узгадвае Міхаіл Фінберг.

На фестывалі працавалі 140 журналістаў з абедзвюх дзяржаваў. Трансляцыю вяло Усесаюзнае тэлебачанне.

З тагачасных польскіх зорак у Віцебск прыехалі Марыля Радовіч, Збігнеў Вадэцкі, Кшыштаф Краўчык, Bajm і Papa Dance. Савецкі бок рэпрэзентавалі Леў Лешчанка, Андрэй Макарэвіч, Аляксандр Барыкін, група «Фрыстайл».

Кульмінацыяй імпрэзы стаў конкурс, у журы якога засядалі Марыля Радовіч і кампазітар Владзімеж Корч. Падчас першага фестывалю ў ім перамаглі працаўніца «Ізмайлаўскага парку культуры ў Маскве» Джэма Халід і навучэнка музычнай школы з Калінінграду Марына Захарава. Разам з іншымі лаўрэатамі – Валерыем Скаржонкам (Беларусь) і гуртом «Арфей» (Казахстан) яны ў якасці ўзнагароды паехалі ў турнэ па Польшчы.

Сваю кар’еру падчас Віцебскага фестывалю распачала Іна Афанасьева. Яна выканала песню Алекса Малішэўскага «Нам па 20 гадоў» («Mamy po 20 lat»). На афіцыйным канале спявачкі на «YouTube’е» яна падпісаная з памылкаю: «Маме 20 гадоў».

За першыя гады «Славянскага базару» на яго яшчэ запрашалі польскіх выканаўцаў, у тым ліку Банду і Ванду, Bajm, Анну Ёпэк і Мечыслава Шчэнсьняка, які ў 2011-м адмовіўся ад месца ў журы на знак пратэсту супраць пераследу беларускай апазіцыі.

На думку Зінаіды Бандарэнкі, якая была вядоўцаю на Фестывалі польскай песні ў Віцебску, «Славянскі базар у Віцебску» нельга лічыць пераемнікам гэтага фэсту:

«Пераемнасць хіба ў тым, што нашыя ды замежныя выканаўцы, выходзілі і спявалі польскія песні». Паводле спадарыні Бандарэнкі, цяпер тыя ж артысты выступаюць у Віцебску, але спяваюць ужо на іншых мовах.

На «Славянскім базары», паводле ацэнкі славутай дыктаркі, паменела беларускай мовы, бо хоць і спявалі там па-польску, канцэрты спадарыня Зінаіда вяла па-беларуску.

«Цяпер «Славянскі базар» стаўся больш палітычны, а на Фестывалі польскай песні палітычны момант не быў заўважны. Хацелася проста працаваць – прыгожа, па-беларуску ды несці пэўную ідэю», – падкрэсліла Зінаіда Бандарэнка.

ЯБ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары