Славамір Адамовіч запрасіў Пазняка вярнуцца ў Беларусь на святкаванне 100-годдзя БНР


Пра гэта паэт і грамадскі актывіст напісаў у лісце, які даслаў у рэдакцыю «Новага часу».

«Я ня ведаю ўсіх нюансаў Вашага шматгадовага знаходжання за межамі Бацькаўшчыны, але, грунтуючыся на ўласным досведзе выжывання паводле Дублінскай Канвенцыі 1990 году і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, бяру на сябе смеласць прапанаваць Вам наведаць нашу краіну з нагоды святкавання надзвычайнай даты ў гісторыі нашага народу».

Адамовіч адзначае, што такая прапанова многімі нядобразычліўцамі будзе расцэненая, як «чарговая правакацыя».

«Аднак я ведаю і тое, што словы без справаў мёртвыя… Не сумняваюся: калі аднойчы мы пачуем, што Зянон Пазьняк сёлета збіраецца наведаць Беларусь, то нават не дзясяткі, а сотні аўто Вашых прыхільнікаў, апалагетаў і проста суайчыннікаў гатовыя будуць сустрэць Вас на любым памежным пункце пропуску і забяспечаць належны эскорт… Самае кур’ёзнае, бадай, у тым, што Вашаму прыезду спрыяе і ўвядзенне так званага бязвізу на нашай заходняй мяжы. Варта толькі пісьменна выкарыстаць сітуацыю».

Паэт перакананы, што прыезд Пазняка ў Беларусь з паўнамоцтвамі ад Рады БНР альбо ўласна яе прадстаўнікамі стаўся б найярчэйшым і найістотнейшым момантам адзначэння сотай гадавіны з часу прыняцця Трэцяй Устаўной Граматы.

Зянон Пазняк зʼехаў з Беларусі ў 1996 годзе. Некаторы час знаходзіўся ва Украіне, Чэхіі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, пасля яго запрасілі ў ЗША, дзе 24 жніўня 1996 года прадставілі палітычны прытулак. У эміграцыі Пазняк піша кнігі, займаецца палітычнай дзейнасцю, сустракаецца з грамадскасцю і журналістамі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў