Скраў грошы і хацеў падпаліць сваякоў: у Горадні будуць судзіць 19-гадовага хлопца


Следчы камітэт скончыў расследаванне справы ў дачыненні да 19-гадовага хлопца, які здзейсніў некалькі злачынстваў.

У сакавіку гэтага году ў горадзе Бярозаўка, што на Гарадзеншчыне, у адным з дамоў адбыўся пажар. Гаспадары прачнуліся ад паху дыму, гэта іх і ўратавала. Яны здолелі самастойна патушыць пажар.

Пасля высветлілася, што з хаты зніклі грошы – $ 1100, больш за Br 160. Таксама гаспадары не знайшлі мабільны тэлефон, торбачку з банкаўскімі картамі і іншыя рэчы. Пра знікненне паведамілі ў міліцыю.

Эксперты і следчыя, якія агледзелі месца здарэння, прыйшлі да высновы, што прычына пажару – падпал. Да таго ж падпал гэты быў наўмысны, бо гарэнне пачалося ў двух ізаляваных адзін ад аднаго месцах.

Фота: sk.gov.by

Праз некаторы час супрацоўнікі міліцыі высветлілі асобу падазронага – ім выявіўся 19-гадовы сваяк пацярпелых.

«Следчыя высветлілі, што малады чалавек ажыццявіў пранікненне ў жыллё праз незачыненыя дзверы. З мэтай утойвання крадзяжу і здзяйснення забойства сваякоў, якія спалі, падпаліў фіранкі на акне і, пераканаўшыся, што загарэліся іншыя прадметы інтэр’еру кухні, схаваўся», – распавядаюць у Следчым камітэце.

У следчых атрымалася вярнуць усё скрадзенае гаспадарам.

Да таго ж выявілася, што ў снежні хлопец таксама забраўся ў хату сваякоў і скраў гаманец, у якім было 37 тысячаў расейскіх рублёў (каля Br 1170 – заўв. belsat.eu).

Падазроны раней ужо быў асуджаны за крадзеж. Цяпер яго абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: крадзеж, замах на забойства, замах на знішчэнне маёмасці.

Псіхіятрычная экспертыза паказала, што ў абвінавачанага няма ніякіх псіхалагічных адхіленняў, таму судзіць яго будуць на агульных умовах.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў