Скокнуць у Нёман кіроўцу аўтобуса змусілі ўмовы працы. Кіроўцы гарадзенскіх аўтобусаў рыхтуюць калектыўную скаргу


Калегі 57-гадовага мужчыны, які спыніў аўтобус і на вачах пасажыраў скокнуў у ваду, заявілі, што на такі ўчынак яго прымусілі пайсці ўмовы працы.

Кіроўцы аўтобуснага парка ў Горадні рыхтуюць калектыўную скаргу генеральнаму пракурору і ў адміністрацыю прэзідэнта. У прыкладзеных да скаргі дакументах гатовыя падпісацца некаторыя кіроўцы аўтобуснага парка. Працаўнікі незадаволеныя графікам працы і нізкай аплатай.

Пра сітуацыю на прадпрыемстве на ўмовах ананімнасці Hrodna.life распавёў кіроўца Іван [імя змененае па просьбе героя].

Мужчына распавядае, што тыя, хто спрабаваў раней паскардзіцца на ўмовы працы, ужо ў аўтобусным парку не працуюць.

«Шмат у каго «дах едзе» з такім графікам працы. У нас бывае так: ты прыязджаеш у 9 гадзін вечара, пакуль памыў аўтобус, зрабіў усе справы – прыязджаеш дадому каля 11. У 12 трэба спаць, а ў 4 раніцы ўжо ўставаць на змену. І яшчэ, мы лічымся на працы не кіроўцамі аўтобусаў, а аўтамабіляў, а пасля гэтага вельмі цяжка ўладкавацца на новую працу».

Таксама Іван адзначае, што кіраўніцтва парку сістэматычна прымушае кіроўцаў выходзіць у свае выходныя за голы аклад без падвойнай аплаты, адгула ці дадатковага дня да адпачынку.

«За перапрацоўку мы не атрымліваем дадатковай аплаты і вымушаныя працаваць за самую нізкую стаўку без нашай згоды».

На пачатку восені некаторыя кіроўцы планавалі зладзіць забастоўку і перакрыць КПП, але пра гэта даведалася кіраўніцтва. Завадатараў выклікалі і пагражалі звальненнем.

Дырэктар аўтобуснага парку 6 лістапада недасяжны – сёння ў Беларусі выходны. Афіцыйная прычына здарэння пакуль не агучвалася. Мужчына, які скокнуў з моста, цяпер у рэанімацыі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў