Скандал з беларускімі дамкамі ў Вільні. Вінаватыя «цёмныя сілы з Менску»?


Сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) хочуць праз суд вярнуць дамкі ў элітнай частцы Вільні. Былы старшыня арганізацыі Хведар Нюнька у каментары Belsat.eu абвяргае «пучыстаў».

Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) існуе з 1988 года. Пасля 50 год забыцця арганізацыя ўзялася за адраджэнне беларускасці ў краі. Да нядаўняга часу нязменным кіраўніком арганізацыі быў Хведар Нюнька.

Таварыства Беларускай Культруты ў Літве пазбавілася дамкоў у цэнтральнай частцы Вільні праз спрэчны пераезд у 2004-м годзе. Былы старшыня ТБК Хведар Нюнька прапанаваў пакінуць арэндаваныя памяшканні, якія нібыта знаходзіліся ў аварыйным стане, і перааехаць на непрэстыжную вуліцу Бролю. Аднак, як сцвярджаюць сябры арганізацыі, высветлілася, што дамкі не былі арэндаваныя, а з’яўляліся прыватнаю маёмасцю арганізацыі, якую спадар Хведар прадаў у таямніцы ад чальцоў і прысвоіў сродкі. Крымінальная справа заведзена адразу па трох артыкулах: махлярства, прысваенне і разбазарванне даверанай маёмасці.

У сярэдзіне 1930 г.г. у Вільні беларускія друйскія манахі набылі сабе дамкі, дзе жылі выпускнікі гімназіі, якія вырашылі навучацца далей у Віленскай духоўнай семінарыі. Гэтымі дамкамі ў 1935-36 г.г. загадваў Ю. Кашыра (на сённяшні дзень блаславёны) і Язэп Германовіч (адзін з самых вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі) У пачатку 90-х гг мінулага стагоддзя гарадскія ўлады Вільні перадалі памяшканні двух дамкоў беларускім арганізацыям горада. З 1991 па 1995 у адным з дамкоў знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы».

«Папросту ёсць цёмныя сілы, якія, на наш погляд, кіруюцца з Менску. Таму што Нюнька – адзіная асоба ў Прыбалтыцы, а можа і ў Еўропе, якая цвёрда стаіць на пазіцыі абароны незалежнасці дэмакратычнай Беларусі. У гэтым выпадку тыя сілы хочуць ачарніць, абліць брудам Нюньку», – распавядае Belsat.eu сваё бачанне сітуацыі Хведар Нюнька.

Зараз справай займаецца пракуратура. Спадар Нюнька, якога ўжо апыталі, чакае пазітыўнага для сябе і сваіх паплечнікаў рашэння.

«Нам было прапанавана: мы адмаўляемся ад пасады, адмаўляемся ад прэтэнзіяў, а яны забіраюць свае скаргі і подпісы з пракуратуры. Мы на гэта не пайшлі», – працягвае Хведар Нюнька. Тое, што ў свой час ТБК удалося атрымаць дамкі на Жыгімонта, 12 ён лічыць сваёй заслугай. І адмахваецца ў бок польскіх і рускіх арганізацыяў: маўляў яны не маюць і таго, хаця ў міжваенны перыяд у іх было шмат нерухомасці ў Вільні.

Увогуле Хведар Нюнька кажа, што ўсю гісторыю распачала «пучаская палова» ТБК, ад чаго выйграе толькі «антыбеларускі рэжым у Беларусі». Рэальных абвінавачванняў супраць сябе ён не бачыць.

Сябры ТБК абвяргаюць былога старшыню

«Спадар Хведар прапанаваў, каб яму за пазыкі, якія склаліся перад таварыствам пад яго кіраўніцтвам, перадалі ¼ частку той кватэры на Бролю. А каб аформіць перадачу, патрэбныя дакументы на кватэру. Вось і пабачылі, што гісторыя зусім не такая, як распавядаў Хведар. У 2004-м дамок на Жыгімонта, 12 належыў таварыству як прыватная ўласнасць, а не здымаўся ў арэнду, як казаў Хведар», – распавядае выкладчык Віленскага педагагічнага ўніверсітэту, сябра ТБК Алесь Адамковіч.

Выглядае на тое, што таварыства пазбавілася памяшкання ў зайздросным месцы не «вымушана», як казаў Хведар Нюнька, а свядома. Толькі чальцы арганізацыі пра гэта і не здагадваліся. Таму цяпер яны звярнуліся ў суд, каб прызнаць несапраўдным акт продажу 2004-га года. Алесь Адамковіч лічыць цалкам рэальным вяртанне на Жыгімонта.

Мелася быць для ўсіх

Сваю гісторыю пра тое, як беларусам дасталіся дамкі, распавядае былы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец. Па яго словах, на пачатку 90-х беларускія арганізацыі, якіх у Вільні было шмат і якія былі актыўныя, звярнуліся з просьбай атрымаць памяшканне ў мясцовы гарсавет. На камісіі гарсавету журналіста запыталі, якія дачыненні ён мае з Хведарам Нюнькам.

«У мяне не было ніякіх дачыненняў з Нюнькам, я сказаў, што ўсё нармальна, маючы на ўвазе, што мы ўсе беларусы, разам. Тым больш што Нюнька тады не пазіцыянаваўся як нейкі галоўны беларус Вільні, а больш як куратар. Тады ж яшчэ жывыя былі такія аўтарытэты як браты Луцкевічы і іншыя. Дзякуючы таму, што я схадзіў на гэтую камісію, «Нашай Ніве» далі ў гэтых дамках паўдому», – узгадвае Сяргей Дубавец.

«Нашаніўцы» працавалі на Жыгімонта да 1995-га. Увесь час Хведар Нюнька справабаў выжыць газету, кажа Сяргей Дубавец. Таму журналісты, якія займаліся творчымі справамі і не хацелі прымаць удзел у «дразгах-перадразгах», адтуль сышлі. Беларускія ж арганізацыі Вільні, якія не сустракаліся з камісіяй гарсавету, як хор «Сябрына», так ніколі і не атрымалі доступу да дамкоў на Жыгімонта.

І што далей з ТБК?

«Агульнае актыўнае беларускае жыццё ў Вільні, якое было ў канцы 80-х-пачатку 90-х, у выніку дамкоў і дзейнасці Нюнькі было разваленае і да сёння кожны існуе сам па сабе», – Сяргей Дубавец падводзіць сумны вынік. На думку журналіста, пераезды і перапродажы офісаў нагадваюць «чыстую авантуру і аферу».

У сваю чаргу Алесь Адамковіч не спяшаецца называць дзеянні Хведара Нюнькі злоўжываннем. Але вельмі сумняецца, што страты таварыства ў выніку пераезду, былі выкліканыя некампетэнтнасцю, а не нейкімі свядомымі дзеяннямі.

Што тычацца лёсу ТБК, то 29 верасня сябры таварыства прынялі рашэнне аб прыпыненні паўнамоцтваў Хведара Нюнькі, а часова выконваючым абавязкі старшыні прызначылі Васіля Акуневіча. У сярэдзіне студзеня адбудзецца агульны сход, на якім абяруць новую раду і далейшы накірунак дзейнасці ТБК.

ЗК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары