СК Расеі распачаў крымінальную справу супраць пранкера, які казаў пра 300 загінулых у Кемераве


Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Украіны Яўгена Вальнова, які для свайго канала ў YouTube тэлефанаваў у дзяржаўныя ўстановы падчас пажару ў Кемераўскім гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» і, прадстаўляючыся супрацоўнікам МНС, казаў пра 300 загінулых.

Патэлефанаваўшы ў морг, ён распытваў, колькі ў іх свабодных месцаў, і папярэджваў, што зараз нібыта падвязуць 300 целаў.

У падводцы да гэтых тэлефонных запісаў пранкер выказваў незадаволенасць тым, што па галоўных каналах расейскага тэлебачання ў момант пажару хвалілі Пуціна.

Справа распачатая паводле артыкулу аб «узбуджэнні нянавісці ці варожасці». Як паведаміў Следчы камітэт РФ, блогер «публічна распаўсюджваў недакладныя звесткі пра колькасць ахвяр пажару ў Кемерава, уводзячы ў зман сваякоў загінулых і пацярпелых, такім чынам спрабуючы дэстабілізаваць сітуацыю».

Урыўкі з тэлефоннага розыгрышу шырока разышліся па сацсетках у Расеі пад выглядам размовы «супрацоўніка МНС» з работнікамі морга: многія жыхары Кемерава ўспрынялі іх як сапраўдныя. На мітынгу 27 сакавіка лічба ў 300 загінулых гучала на плошчы, калі жыхары патрабавалі ад мэра Кемерава Іллі Серадзюка сказаць праўду аб трагедыі.

Вызначыць, які менавіта эфект меў запіс Вальнова, складана. У YouTube ён набрала больш за 340 тысяч праглядаў.

У МНС Расеі раніцай у сераду заявілі, што знайшлі целы ўсіх 64 загінулых пры пажары ў Кемераўскім гандлёвым цэнтры. Улады не маюць дадзеных пра людзей, зніклых без вестак. У МНС таксама пацвердзілі, што пры пажары загінула 41 дзіця.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў