СК накіраваў у суд справу аб «камерцыйным шпіянажы» – мужчынаў вінавацяць у выкраданні тэхналогіі вытворчасці смалы


Упраўленнем Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці завершана расследаванне крымінальнай справы па абвінавачанні двух мужчынаў у камерцыйным шпіянажы і хабарніцтве.

«Следствам устаноўлена, што абвінавачаныя незаконным спосабам атрымалі звесткі пра тэхналогію вытворчасці смалы, а таксама аб рэцэптуры фарбы, якія выкарыстоўваюцца для нанясення дарожнай разметкі, якія былі распрацаваны і ўжываліся пры вытворчасці адным з прадпрыемстваў. Указаныя звесткі складалі камерцыйную тайну дадзенай арганізацыі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.

За атрыманне інфармацыі фігуранты перадалі службовай асобе прадпрыемства ў якасці хабару грашовыя сродкі ў суме 2 500 USD. Усяго ж планавалася, што сума будзе ўдвая большай – 5 000 USD, паведамляюць праваахоўнікі.

Пры перадачы грашовых сродкаў у якасці другой часткі хабару абвінавачаныя былі затрыманыя супрацоўнікамі шостага ўпраўлення (па Берасцейская вобласці) ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь і АМАПу.

Абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, іх дзеянні кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 254 (камерцыйны шпіянаж), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 431 (замах на дачу хабару ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіраваная ў суд. У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што гэта першая справа аб «камерцыйным шпіянажы» у гісторыі беларускага СК.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў